«Белсат» працягвае сачыць за хронікай палітычнага пераследу, які працягваецца ў Беларусі.
Адбыўся чарговы суд па справе палітзняволенага японца Наканісі Масатосі Наканісі. Яго затрымалі яшчэ ў ліпені, але падрабязнасці яго пераследу распавялі ў сюжэце БТ толькі ў верасні. Сцвярджалася, што мужчына «ажыццяўляў збор і перадачу на адрас японскай спецслужбы разведвальнай інфармацыі вайсковага характару». Судовы працэс у дачыненні да японца пачаўся 10 студзеня ў Менскім гарадскім судзе. Наканісі інкрымінаваны арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць). Працэс у закрытым рэжыме вядзе суддзя Анжэла Касцюкевіч. Вядома, што грамадзяніну Японіі пагражае да 7 гадоў калоніі.
У судзе Ленінскага раёну Менска разгледзелі ажно тры справы паводле арт. 10.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян). Сярод іх – справа Наталлі Захаравай-Прангішвілі. Як піша @vitebsk_info, Наталля стварае і дапрацоўвае экспанаты для музеяў, дапамагае ствараць экспазіцыі для выстаў.
Таксама сёння пачалі судзіць стаматалагіню Алену Елькіну, якая нібыта мае дачыненне да тэлеграм-канала «ШапитоДичь». Яе абвінавачваюць у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (ч. 1 арт. 361-1 КК) і «закліку да санкцыяў» (ч. 3 арт. 361 КК). Справу будзе разглядаць Алена Ананіч.
У Беларусі з’явіліся новыя «экстрэмісцкія фармаванні. Размова ідзе пра праекты «Лукашолкі» і «Простымі Словамі». Адпаведнае рашэнне 28 студзеня прынятае МУС Беларусі. Паводле ведамства, дачыненне да праекту «Лукашолкі» маюць Ганна Федаронак і Ганна Канавалава, а да «Простымі Словамі» – Кірыл Данько і грамадзянка РФ Ганна Грабенчыкава.
Стала вядома, што беларускаму бізнэсоўцу Алегу Самародскаму пагражае да 12 гадоў калоніі па трох палітычных артыкулах. Мужчына быў кіраўніком фірмы «Уладкас», якая займалася вырошчваннем гародніны, насення і расады, таксама дырэктарам фірмы «Белбаскітлід», якая вырабляе драўляную тару і іншыя рэчы з дрэва ў Іўі Гродзенскай вобласці. Суд над ім пачнецца 6 лютага ў Менскім гарадскім судзе. Мужчыну вінавацяць па трох артыкулах – «удзел у экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-3), «заклікі да дзеянняў, якія наносяць шкоду Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК) і «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК).
За «распальванне варожасці» пачалі судзіць менчука Анатоля Крупіна, які адказваў за бяспеку пасажыраў у аэрапорце «Менск». Працэс вядзе суддзя Аляксандр Рудэнка.
У спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі Telegram-каналы і чаты «Берасце (не пайду на выбары) Бярозаўка разам з Беларусамi!», «Спільнота Езотериків», «spetsnazer»; Instagram старонкі «fpixel.svabody», «cyber_resistenza», «plan.it.b2020» з лагатыпамі.
У беларускай кватэры блогера і былога палітвязня Вадзіма Ермашука адбыўся ператрус. Вядома, што гэта адбылося з нагоды яго ўдзелу у маршы беларусаў у Варшаве, прымеркаваным да прэзідэнцкіх выбараў.
Надзея Вольная belsat.eu