Гісторыі

Кастусь Каліноўскі. Ад стваральніка невялікага таемнага таварыства да кіраўніка паўстання

Фота 1. Кастусь Каліноўскі. Крыніца:Wikimedia Commons
Фота 1. Кастусь Каліноўскі. Крыніца: Wikimedia Commons
podpis źródła zdjęcia

2 лютага 1838 года ў Мастаўлянах нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, які ўвайшоў у гісторыю як кіраўнік паўстання 1863-1864 гадоў у Беларусі і Літве. Як у яго атрымалася ўзначаліць супраціў Расейскай імперыі, калі першапачаткова на чале змагання павінен быў стаць зусім іншы чалавек? Кастусь Каліноўскі нават упрошваў таго ўзяць уладу ў свае рукі, стоячы на каленях.

Belsat
Топ-10 міфаў пра Кастуся Каліноўскага, «ворага № 1 маскоўскай прапаганды ў Беларусі» навіны

Не трымаўся за ўладу «сінімі пальцамі»

Імя гэтага чалавека – Францішак Далеўскі (1825-1903), ураджэнец вёскі Руднікі Лідскага павету (сёння – Рэспубліка Літва). Ён праславіўся тым, што ў час навучання гімназіі ў Вільні ў 1846 годзе стварыў таемную арганізацыю «Братні саюз літоўскай моладзі». Яе сябры рыхтавалі паўстанне на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай і дамагаліся скасавання прыгоннага права і саслоўнага падзелу грамадства. Незадоўга да выбуху паўстання ў Вільні, прызначанага на красавік 1849 года (у той час уся Еўропа была ахоплена «Вясной народаў») арганізацыя была выкрыта і больш за 200 яе ўдзельнікаў арыштаваныя. Францішак Далеўскі быў асуджаны на смерць, замененую ссылкай у руднікі ў Сібір на 15 гадоў.

Але вярнуўся ён у Вільню раней – у 1859 годзе, паводле амністыі, і адразу заняўся новай таемнай суполкай, якая дала пачатак Віленскай рэвалюцыйнай арганізацыі і заснаванаму на яе падставе «Літоўскаму камітэту». Таму, які ўрэшце заняў Кастусь Каліноўскі і ператварыў яго ў «Часовы ўрад у Літве і Беларусі». Сам жа Далеўскі, які прайшоў праз нерчынскія руднікі, у якіх згубіў здароўе, быў праціўнікам узброенага паўстання і лічыў, што жыхары Беларусі і Літвы да яго не падрыхтаваныя.

Віленская моладзь, якая рвалася ў бой з расейскімі войскамі, так і не зразумела, чаму іх кумір супраць адкрытага ўзброенага выступлення. Сам Каліноўскі пасля весткі аб пачатку паўстання ў Польшчы ў ноч з 22 на 23 студзеня і пасля яго абвяшчэння ў Беларусі і Літве 1 лютага 1863 года намагаўся заручыцца падтрымкаю Францішка Далеўскага. Стаяў перад ім на каленях, спадзеючыся, што той, хто стаў сапраўднай легендай і натхняў моладзь, пакажа на практыцы, як словы падмацоўваюцца дзеяннямі дзеля перамогі над Расейскай імперыяй. Але Далеўскі адмовіўся, які і сотні іншых былых зняволеных царскіх турмаў і катаргі, якія прайшлі праз пакуты і ўзрушэнні, і не жадалі зноў апынуцца за кратамі.

Таму Кастусю Каліноўскаму не заставалася нічога, як самому стаць на чале паўстання ў Беларусі і Літве. Цікава, што Францішак Далеўскі далучыўся да паўстання пазней, толькі пасля таго, як ад улады быў адхінуты Каліноўскі. Ён зрабіў гэта дзеля таго, каб не радыкалізаваць выступленне далучэннем беларускага і літоўскага сялянства да барацьбы, бо лічыў гэта згубным для шляхты, а разлічваў на дапамогу заходніх краін.

У чэрвені 1863 года Францішак быў схоплены і асуджаны на 12 гадоў цяжкіх прац, якія генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў асабіста замяніў 20 гадамі. У 1883 годзе Францішак быў вызвалены з забаронай вяртацца на радзіму і перабраўся ў Варшаву, дзе і памёр у 1904 годзе амаль у поўнай невядомасці. Затое яго малодшы брат Цітус Далеўскі, пакараны смерцю ў Вільні ў 1863 годзе, увайшоў у гісторыю як адзін з герояў паўстання. Як і «вучань» Далеўскага Кастусь Каліноўскі.

Фота 2. Францішак Далеўскі. Крыніца: Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857-1865. T. 1
Фота 2. Францішак Далеўскі. Крыніца: Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857-1865. T. 1

Нонканфарміст і знаўца моваў

Лідарамі нараджаюцца ці імі становяцца? Кастусь Каліноўскі пры нараджэнні не выглядаў на лідара. Ён быў вельмі хваравітым і бацькі нават меркавалі, што ён можа памерці яшчэ немаўлём, а такое не раз здаралася з яго шматлікімі братамі і сёстрамі.

Кастусь выжыў, але ў студэнцкія гады ў яго развілася падучка, падчас аднаго з прыступаў ён ледзь не памёр. Тады Каліноўскі ўзяў сябе ў рукі, стаў працаваць над сабою, у тым ліку над сваім фізічным станам, і ўрэшце развіў «дзіўную здольнасць дзейнічаць спакойна, абачна, асцярожна».

Замкавая гара з вежай Гедзіміна. Месца, дзе знайшлі парэшткі Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў. Вільня, Літва. (Фота: Белсат)
Шляхамі Каліноўскага і паўстанцаў: вандруем па беларускіх месцах Вільні навіны

Паводле свайго становішча ён не мог дасягнуць нейкіх вышынь у Расейскай імперыі, паколькі паходзіў з сям’і збяднелага шляхціча, Сымона Каліноўскага. Ды не проста якога, а таго, які сярод суседзяў выглядаў «белай варонай» і якога зняважліва называлі «ткачом». А ўсё з-за таго, што Сымон быў прадпрымальнікам і ўладальнікам невялікай фабрыкі, у якой працаваў сваімі рукамі. Таму ж вучыў і дзяцей, адначасова прывіваў ім класічныя нашыя прынцыпы – «мая хата з краю» і «абы ціха было». Не дапамагло.

Выгадаваны ў мясцовым польскамоўным ліцвінскім асяродку, Кастусь Каліноўскі вырас «нонканфармістам», які да таго ж дасканала засвоіў норавы вясковага люду і пабачыў, як «дух волі рос у беларускіх сялянах». А яшчэ ён у адрозненні ад іншых шляхцічаў не грэбаваў і расейскай мовай, якая ўспрымалася як мова акупантаў, з-за чаго падчас паўстання многія маладыя людзі, што паканчалі гімназіі ды ўніверсітэты Расейскай імперыі, так і не навучыліся на ёй размаўляць. Каліноўскі быў як раз не з такіх, ён нават падпрацоўваў рэпетытарам расейскай мовы, а яшчэ выдатна валодаў французскай.

З-за разрыву з бацькам, які жадаў, каб Кастусь працаваў разам з ім на фабрыцы і ў набытым у Якушоўцы каля Свіслачы маёнтку, таму прыйшлося рана самому зарабляць на жыццё і «выбівацца ў людзі». Хлопец здолеў пры дапамозе старэйшага брата Віктара падрыхтавацца і паступіць у Санкт-пецярбургскі ўніверсітэт, дзе першыя гады быў далёкі ад ідэальнага студэнта, але ў выніку скончыў той на выдатна. Кастусь запомніўся іншым тым, што хадзіў на лекцыі ў падраным сурдуце і ботах, ды на шыі падвязваў сабе ручнік – так на канец 1850-х гадоў выглядалі тыя, каго называлі «лібераламі і рэвалюцыянерамі».

Нягледзячы на свой нонканфармізм, Каліноўскі быў кампанейскім дзецюком. Аднак бацькі яго паплечнікаў адгаворвалі ад сяброўства з ім. У той жа час Кастусь стаў настолькі вядомым у асяродку студэнтаў, што, нягледзячы на не высокі сацыяльны статус, зрабіўся адным з кіраўнікоў студэнцкага таварыства «Огул» з ураджэнцаў Беларусі і Літвы ды адказваў за збор ахвяраванняў. Набытыя ў Санкт-Пецярбурзе кантакты хутка яму спатрэбіліся.

Умеў выбудоўваць сувязі

«У Горадню ў 1861 г., паспяхова завяршыўшы юрыдычную адукацыю, прыехаў Канстанцін Каліноўскі з мэтай стварэння канспіратыўнага гуртка і палітычнай дзейнасці. На аснове асабістых знаёмстваў і сувязяў такі гурток яму ўдалося стварыць», – узгадваў Фелікс Ражанскі, адзін з паўстанцкіх дзеячаў і аўтараў «Мужыцкай праўды», складальнік беларускамоўных песень, якія сталі народнымі.

Каліноўскі ўзначаліў Гарадзенскую рэвалюцыйную арганізацыю, у якую першапачаткова ўваходзілі ўсяго 10 чалавек. Але, «дзейнічаючы з энтузіязмам і самаахвярнасцю», ён здолеў далучыць да арганізацыі новых сяброў, найперш знаёмых па Пецярбургскім універсітэце, якія выпраўляліся на вёску ў якасці настаўнікаў і пісарчукоў. Да таго ж Каліноўскі не адседжваўся ў горадзе, не раз выпраўляўся ў сялянскай світцы на вёску, далучаўся да сезонных прац, каб даведацца настроі беларускага мужыка. «Канстанцін Каліноўскі, маючы за плячыма досвед зносін з народам, шукаў у пакутах паднявольнага рабства тую сілу, якая зможа ўзняць народ на паўстанне, зрабіўшы яго рыцарам, які змагаецца ў імя растаптаных чалавечых правоў», – узгадваў паўстанец Ежы Кучэўскі-Порай.

Памятны камень на месцы сядзібы Каліноўскіх у Якушоўцы. Крыніца: Росшукі
Памятны камень на месцы сядзібы Каліноўскіх у Якушоўцы. Крыніца: Росшукі

Менш чым два гады Каліноўскі пашырыў уплыў арганізацыі на ўсю Гарадзенскую, частку Віленскай, Менскай і Ковенскай губерняў і летам 1862 года перарос межы рэгіянальнага лідара, які займеў нават пазнавальны вобраз у выглядзе «Яські Гаспадара з-пад Вільні», імем якога падпісваў нелегальную газету «Мужыцкая праўда». У час паўстання гэты вобраз, які трансфармаваўся ў «Хама», будзе наводзіць жах на «літоўскіх паноў».

Таму запрашэнне Кастуся ў Вільню, дзе восенню 1862 года сустрэліся рэгіянальныя лідары з усёй тэрыторыі Беларусі і Літвы, каб абмеркаваць далейшыя планы дзеянняў супраць царсікх уладаў было лагічным. Аднак сам Каліноўскі выступіў на гэтых паседжаннях, дзе быў утвораны Літоўскі правінцыйны камітэт, як апазіцыя, не пагаджаючыся на саступкі ў бок памешчыкаў, якіх планавалі заманіць рознымі «плюшкамі» да паўстання, а не сялян. Але як пры такім падыходзе Каліноўскі здолеў узначаліць гэты самы Літоўскі камітэт?

Транспарт параненых паўстанцаў. Крыніца: росшукі
Лёс паплечнікаў Кастуся Каліноўскага: героі, здраднікі, вынаходнік і святы навіны

Умеў дамаўляцца

Нягледзячы на тое, што Каліноўскі быў толькі адным з шасці кіраўнікоў Літоўскага камітэту, пры гэтым апазіцыйным да большасці, ён здолеў цягам некалькіх месяцаў дамагчыся падтрымкі іншых і фактычна ўзначаліць усю арганізацыю ў Беларусі і Літве. Менш чым за два гады з кіраўніка дзясяткі Каліноўскі вырас у кіраўніка разгалінаванай падпольнай структуры, якая ў шматлікіх гарадах і мястэчках аб’ядноўвала каля трох тысяч чалавек.

Тыя, хто першы раз сустракаў Кастуся Каліноўскага, здзіўляліся манеры яго размоваў, якая ўключала дэмагогію, але найперш тое, што ён адразу выстаўляў здавалася б невыканальныя патрабаванні. Калі пачыналася абмеркаванне, то ішоў на саступкі і іншы бок лічыў, што менавіта ён перамог у гэтых перамовах. Аднак гэта была толькі ілюзія, бо Каліноўскі дамагаўся менавіта таго, чаго і жадаў. Такі фокус ён, напрыклад, правярнуў з Цэнтральным нацыянальным камітэтам (ЦНК) у Варшаве, якому ад імя Вільні пагражаў разрывам сувязяў і поўнай незалежнасцю ў справе паўстання. А ў выніку ЦНК паабяцаў не ўмешвацца ў справы Літоўскага камітэту на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Коратка прынцып па ўменні дамаўляцца Каліноўскага апісаў іншы паўстанец Іосіф Каліноўскі: «Валодаючы нязломнай вытрымкай і не дазваляючы схіліць сябе ні да якога згодніцтва, самымі рознымі спосабамі праводзіў у жыццё свае задумы».

Канспіратар ад Бога

Паколькі сам Кастусь не здолеў стаць следчым, як збіраўся, ён выкарыстоўваў атрыманыя ва ўніверсітэце на лекцыях крымінальнага права прафесара Уладзіміра Спасовіча з Рэчыцы веды ў адваротным накірунку – каб царскія следчыя не маглі яго схапіць. Так пры дапамозе адукацыі ён развіў тыя канспірацыйныя здольнасці, якія былі ў яго ад нараджэння, што адзначалі як яго сябры, так і яго ворагі: «Паўсюль раз’язджаў, няўлоўны жандарамі, змяняючы сваю знешнасць у залежнасці ад абставінаў».

Напрыклад, калі яму трэба было падчас паўстання 1863 года ў перапоўненым жандарамі і царскімі вайскоўцамі Беластоку даставіць распараджэнні, ён перамяшчаўся па горадзе пад выглядам служачага павятовага суда. Іншым разам пераапранаўся ў вопратку пагоншчыка быдла, адрошчваў бараду і вусы ды доўгія валасы, альбо наадварот – пазбаўляўся ад іх.

Фотаздымак Каліноўскага ў 1863 года трапіў у рукі віленскай паліцыі, але нават гэта не дапамагло яго схапіць. Толькі здрада Вітольда Парфіяновіча прывяла да гэтага. 

Ніколі не здаваўся

1 лютага 1863 года Каліноўскі абвесціў пра пачатак паўстання ў Літве і Беларусі, каб падтрымаць тых, хто выступіў у Каралеўстве Польскім супраць Расейскай імперыі. Аднак у адрозненні ад Польшчы, у Беларусі і Літве Каліноўскі імкнуўся рабіць стаўку на сялян, дзеля чаго рассылаў камандзірам атрадаў загады караць памешчыкаў, якія дрэнна ставіліся да вяскоўцаў. Менавіта з-за гэтага супраць Хама (Хамовіча), пад імем якога і ведалі Каліноўскага ў падпольнай арганізацыі, быў арганізаваны пераварот, па выніках якога ён быў адхілены ў канцы лютага 1863 года ад улады.

Аднак Каліноўскі не стаў уцякаць за мяжу, а пагадзіўся на тую пасаду, якую яму далі, каб толькі застацца ў барацьбе - намесніка кіраўніка Вільні. Дзякуючы поспеху на гэтай пасадзе, ён у канцы красавіка дамогся пераводу на кіраўніка Гарадзенскага ваяводства, дзе ў гэты час разгортваліся адныя з найважнейшых падзеяў паўстання на ўсёй тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. А ўжо ў чэрвені Каліноўскі зноў узначаліў паўстанцкі ўрад у Літве і Беларусі ўжо ў якасці яго кіраўніка. За гэтыя месяцы Кастусь Каліноўскі толькі ўмацаваў свой аўтарытэт, але страчаны бяздзейнасцю яго палітычных праціўнікаў час згуляў не на карысць агульнай справы.

Загад гародзенскага камісара Кастуся Каліноўскага. Крыніца: Свіслацкія аркушы
Загад гародзенскага камісара Кастуся Каліноўскага. Крыніца: Свіслацкія аркушы

Рызыкант

Кастусь Каліноўскі не раз аказваўся на мяжы арышту, як, напрыклад, калі ў лістападзе 1862 года прыехаў на пахаванне старэйшага брата Віктара ў Свіслач, а туды праз пару гадзін прыехалі жандары яго арыштаваць. Аднак Каліноўскі здолеў выслізнуць з іх рук у апошні момант, а пасля пераправіцца праз брод на Нёмане, чаго жандары, якія не ведалі гэтых мясцін, зрабіць не змаглі.

Ужо ў час паўстання ён большую частку часу праводзіў у Вільні, дзе жыла яго нарачоная Марыя Ямант і дзе быў штаб паўстання ў Беларусі і Літве, а ў гэты час горад быў перапоўнены царскімі вайскоўцамі, шпегамі і жандарамі. Неаднаразова ён выбіраўся ў паўстанцкія атрады, каб у лесе паглядзець на тое, што робіцца, і нават прабраўся з Горадні ў Мілавідскі лагер напярэдадні найбуйнейшай бітвы на тэрыторыі Белраусі, якая тут адбылася ў чэрвені 1863 года.

Увогуле, Каліноўскі да апошняга заставаўся ў Вільні, і, нягледзячы на шматлікія магчымасці пакінуць радзіму і выратаваць сваё жыццё, ён выбраў шлях застацца, бо верыў у барацьбу да апошняга.

Верыў у агульную справу

Кастусь Каліноўскі верыў у сацыяльную рэвалюцыю, у выніку якой беларускія мужыкі павінны стаць гаспадарамі на сваёй зямлі, а падзел грамадства на прывеліяваныя і непрывіліяваныя саслоўі будзе скасаваны. Адзін з царскіх чыноўнікаў сказаў пра Каліноўскага, што той «з настроем герцэнаўскай школы, на чале славалюбівых асоб з чырвоных ліцвінаў, настойліва праводзіў ідэю аб самастойнасці Літвы…» і жадаў стварэння «незалежнай Літвы і Беларусі». Яго сябар Фелікс Ражанскі казаў, што Каліноўскі верыў у «народную рэвалюцыю, якая ставіла на мэце звяржэнне самадзяржаўя і знішчэнне прыгоннага права, а таксама дасягненне нацыянальнай самастойнасці».

Для Каліноўскага сапраўднае паўстанне было яшчэ наперадзе, нездарма, калі яго схапілі 29 студзеня 1864 года і следчыя кпілі, што барацьба прайграная, ён казаў: «Чаму прайграная? Шляхта зменшылася напалову, а сяляне атрымалі зямлю».

Кастусь Каліноўскі не проста верыў, ён натхняў верай у агульную справу іншых. Нездарма яго арышт стаў сапраўдным ударам для ўсёй паўстанцкай арганізацыі ў Беларусі і Літве, а пасля яго пакарання ў Вільні 22 сакавіка 1864 года барацьба згасла.

Але сваю веру ў светлую будучыню, у «належны пасад між народамі» для беларусаў 26-гадовы Каліноўскі, які прайшоў шлях ад стваральніка невялікага таемнага таварыства да кіраўніка паўстання супраць Расейскай імперыі, занатаваў у перадсмяротных «Лістах з-пад шыбеніцы»: «Няма ш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку. Тагды ён толька магчыме жыці ў багацтве, папраўдзе, тагды ён толька, памаліўшысь Богу, заслужыць неба, калі збагаціць наукай розум, разаўе сэрца і радню цэлу сэрцам палюбіць».

Ігнат Грынявіцкі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10