Беларусы могуць атрымаць права ўдзельнічаць у мясцовых выбарах у Расеі, а таксама быць абранымі ў органы мясцовага самакіравання.
28 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, у якім ухваліў праект Пратакола аб унясенні змяненняў у дагавор паміж Беларуссю і Расеяй аб роўных правах грамадзянаў, датаваны 25 снежня 1998 года. Паведамляецца, што гэты законапраект будзе выкарыстоўвацца як аснова для перамоваў паміж Менскам і Масквой.
Дагэтуль беларусы, якія пастаянна пражываюць у Расеі, не мелі права ўдзельнічаць у мясцовых выбарах. Між тым, грамадзяне РФ, якія жывуць у Беларусі, могуць на мясцовых выбарах быць не толькі выбарцамі і кандыдатамі, але нават і ўваходзіць у склад выбарчых камісій.
Ужо вядома, што перамовамі па праекце пратакола і яго падпісаннем будзе займацца Міністэрства замежных справаў Беларусі.
Нагадаем, раней Лукашэнка падпісаў першы пасля прэзідэнцкіх выбараў указ «Аб асаблівасцях прадстаўлення і выкарыстання арэнднага жылля».
Згодна з дакументам, раённыя і гарадскія выканкамы надзеленыя правам вызначаць на месцах пералік спецыялістаў, у якіх мае патрэбу рэальны сектар і сацыяльная сфера рэгіёну, і прымаць рашэнні аб прадстаўленні ім арэнднага жылля на падставе хадайніцтваў наймальнікаў з ліку дзяржаўных органаў і арганізацыяў.
Таксама стала вядома, што аплата за карыстанне гэтым жыллём для асобаў найбольш запатрабаваных прафесіяў будзе разлічвацца з улікам паніжальнага каэфіцыента.
Надзея Вольная belsat.eu