Зранку 28 студзеня ў Докшыцах настаўнікі не далічыліся вучаніцы. А калі пачалі шукаць і патэлефанавалі бацькам, даведаліся пра трагедыю.
Як даведалася «Наша Ніва», дзяўчыне было 15 гадоў, вучылася ў 9 класе сярэдняй школы № 2 імя Ульяны Крышталевіч у Докшыцах. Кожны дзень на заняткі дзяўчына прыязджала з вёскі Тумілавічы, дзе жыла з бацькамі.
Знаёмыя з сітуацыяй характарызуюць дзяўчыну як старанную вучаніцу. Ёсць інфармацыя, што ў перадсмяротнай цыдулцы дзяўчына напісала, што з жыцця пайшла, бо з яе здзекаваліся ў школе.
Булінг – гэта мэтанакіраваныя і сістэматычныя агрэсіўныя паводзіны ў адносінах да чалавека. Булінг можа мець розныя формы: насмешкі, пагрозы, распаўсюджванне чутак, фізічны і эмацыйны гвалт, ізаляцыя і байкот.
Яшчэ ў 2018 годзе ЮНІСЭФ у Беларусі правёў даследаванне на тэму гвалту ў школе. Тады высветлілася, што кожнае другое дзіця сутыкаецца з псіхалагічным гвалтам з боку аднагодкаў. У 2020 годзе ў беларускіх школах быў запушчаны пяцігадовы праект: «Булінг? Не ў маёй школе». Гэта адаптацыя харвацкай мадэлі праекту «Бяспечнага і падтрымальнага асяроддзя ў школах». Харвацкая мадэль добра зарэкамендавала сябе ў краінах Еўропы. У школах, дзе яна была ўкаранёная, колькасць выпадкаў булінгу скарацілася ўдвая. Аднак, як бачна, у Беларусі праблема цкавання ў школах да гэтага часу не развязаная.
Нагадаем, у Беларусі працуе цэнтр псіхалагічнай дапамогі для дзяцей, якія сутыкнуліся з булінгам. Там можна атрымаць бясплатную кансультацыю, звярнуўшыся праз тэлефон або напісаўшы паведамленне псіхолагу. Падрабязнасці праз спасылку.
Надзея Вольная belsat.eu