Хоць прапагандыст Тур і запэўніваў, што свае людзі ў іх ёсць паўсюль, высветлілася, што фотаздымкі і відэа з маршу беларусаў у Варшаве, якія пад выглядам аўтарскіх паказвалі на ОНТ, былі здабытыя падманам.
Як высветліла «Еўрарадыё», каб атрымаць фотаздымкі, прапагандысты пайшлі на падман польскага аператара.
Аказваецца, аўтар відэа з маршу, кадры якога паказвалі ў эфіры ОНТ, – Рафал Ганоўскі. Ён распавёў, што перад маршам з ім звязаліся ад імя адной з арганізацыяў, якая нібыта працуе са Святланай Ціханоўскай. Ужо потым, калі ён здымаў марш, Ганоўскага запыталі, ці на месцы ён – у адказ аператар адправіў фота. Менавіта гэтае фота паказалі на ОНТ.
«Відэа апублікавала Ціханоўская, яно шырока разляцелася. Мяркую, гэта не тое, чаго яны [прапагандысты] хацелі. Я рабіў матэрыял ад усяго сэрца, і атрымалася прыгожа», – распавёў Ганоўскі.
Нагадаем, 26 студзеня цэнтральнымі вуліцамі Варшавы прайшоў марш беларусаў, якія выступілі супраць так званых прэзідэнцкіх выбараў. На чале калоны ішлі Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінету ды Каардынацыйнай рады.
Надзея Вольная belsat.eu