Цыстэрны са звадкаваным вуглевадародным газам не могуць перасекчы беларуска-польскай мяжы. Іх не пускаюць, бо Казахстан дапамагае Расеі абыходзіць санкцыі.
Як паведамляе медыя «Нефть и Газ Казахстана. Факты и комментарии», на канец мінулага тыдня больш за 100 чыгуначных цыстэрнаў з газам захраслі ў Беларусі.
Адзначаецца, што груз цяпер на трох станцыях – Берасце-Цэнтральнае, Берасце-Усходняе, Баранавічы-Цэнтральныя – праз праблемы з польскай мытняй, якая «патрабуе ўсё новыя і новыя дакументы, што пацвярджаюць казахскае паходжанне тавару».
«Імідж Казахстану як краіны, што спрыяе Расеі ў абходзе санкцыяў Еўразвязу, згуляў злы жарт, і мытныя органы ЕЗ сур’ёзна асцерагаюцца, што пад выглядам казахскага газу будзе ў тым ліку ісці рээкспарт расейскага», – піша медыя.
Затрымка ў афармленні «пераходу права ўласнасці на газ, што захрас на мяжы, праз ланцужок выклікае недахоп чыгуначных цыстэрнаў», што можа адбіцца ў тым ліку і на «рытмічнасці адгрузкі вытворцам прадукцыі».
Надзея Вольная belsat.eu