Галоўным героем гэтых выбараў стаў, безумоўна, шпіц. Пасля яго элегантнага руху на ўваходзе ў выбарчы ўчастак стала зразумела, хто тут насамрэч гаспадар, і што нічога больш істотнага ўжо не адбудзецца. Бо талентаў у кардэбалета на гэтых «выбарах» – суполкі Гайдукевіч-Канапацкая-Хіжняк-Сыранкоў – не назіралася. Публічнае хамства, крыўлянні-падморгванні і адкрытая клаўнада ў залік не ідуць.
З несур'ёзных пытанняў, якія ўзнікалі ў публічным полі, я б звярнуў увагу на наступныя:
1. Яўка. Тут, на маю сціплую думку (на палітолага, а ўжо тым больш на палітпсіхіятра я не прэтэндую) павінны былі намаляваць крыху больш за 80 %, маючы на ўвазе, што нават у версіі ЦВК–2020 за Ціханоўскую прагаласавалі 580 000 чалавек, і ўжо гэтыя людзі краіну пакінулі (амаль у поўным складзе) – гэта відаць па раптам абвостранай праблеме працоўных рук памерам у гэтыя самыя сотні тысяч.
Я прамахнуўся. На якія-небудзь лагічныя аргументы «малявальнікі» не абапіраліся і таму выдалі не саромеючыся 85,7 %, пры гэтым рэкардсменам стала Магілёўская вобласць – 92,64 %, што ўжо вельмі недалёка ад савецкіх 99,99 %, але там жа «отказникам» належылі ўсялякія кары нябесныя ў выглядзе выключэння з чаргі на кватэру і таму падобнага.
Я не вельмі добра ведаю побыт магілёўцаў, але не думаю, што ёсць у мясцовых уладаў аналагічныя па сіле метады ўздзеяння. І ўжо тым больш у Менску, дзе афіцыйна яўка наблізілася да 70 %, жыхары, якія прыходзілі на ўчасткі перад самым закрыццём, фіксавалі ў лепшым выпадку палову запоўненых радкоў у журнале выдачы бюлетэняў…
2. Узровень падтрымкі «прызначанага пераможцы». Тут разбежка ў мяне была ад 87 % да 90 %. Таму што не можа быць менш, чым мінулым разам! А таму, асабліва з улікам тых, хто з'ехаў і не прымае ўдзелу ў галасаванні, 87 – сама тое!
Пры гэтым разумныя разважанні наводзілі на думку, што ёсць яшчэ адзін аргумент. Нельга другому месцу (меркавана Гайдукевічу) даць 5 %. Не можа існаваць у Беларусі «другога» палітыка, які меў бы магчымасць сказаць: «Мяне падтрымліваюць паўмільёна!». Зыходзячы з гэтага аргументу, лічба павінна была пераваліць за 90.
Ды і ёсць жа яшчэ «ўзровень Пуціна», а з ім незразумела. Дык вось менавіта з ім і атрымалася весела, як у Бэні Хіла. Афіцыйны экзітпол даваў яму 87,6 %, што было «як раз тое, што трэба» (у Пуціна ж «было» 87,24 %), але ўмяшалася чыясьці строгая рука і вырашыла састарэлага жыхара Крамля і аматара аквадыскатэк не правакаваць. Таму «сціплая перамога» ператварылася ў «годную паразу» – 86,8 % (на дадзены момант).
3. Праблему другога месца вырашылі проста – пры дапамозе калькулятара. Пасля ўзроўню «Супраць усіх», у які таксама няма ніякай веры, рэшту – 10% – проста падзялілі на чацвярых. Ды каб зрабіць прыемнае Лукашэнку, замест Гайдукевіча другім прызначылі «новага любімчыка» – дзіўнага Сыранкова. Вядома ж, розніцы паміж 3,2 % і 2,0 % няма ніякай, але нашаму «дзіраваму» Алегу зусім дакладна было паказана на яго месца ў куце.
І яшчэ крыху лічбаў. Увесь дзень афіцыйныя крыніцы бамбавалі ні ў чым не вінаватых чытачоў і гледачоў статыстычнай інфармацыяй пра колькасць беларусаў, якія прыехалі прагаласаваць у гэты ўрачысты дзень з-за мяжы. У фінале лічба дайшла да 114... з 500 000. Небывалы поспех, так.
Значна большай апынулася лічба бюлетэняў, якія ўдалося вынесці з кабінак для галасавання – 600, а таксама былі зафіксаваны 54 выпадкі фатаграфавання вынікаў уласнага волевыяўлення. А колькі не было зафіксавана?
,,Афіцыйна абвешчаныя вынікі ніякага дачынення да рэчаіснасці, вядома ж, не маюць. Інакш не было б ніякай неабходнасці трымаць у турмах 1500 палітвязняў, пагражаць актывістам, якія з'ехалі, карамі нябеснымі ў выглядзе пазбаўлення ўласнасці, пераследаваць, ціснуць, караць. Не было б ніякай патрэбы.
Сапраўдны ўзровень падтрымкі Лукашэнкі сёння – каля траціны беларускіх грамадзян, на сумленных адкрытых выбарах у яго быў бы менавіта такі вынік.
Чаму? Таму што няма ў яго ніякай праграмы руху краіны наперад (толькі назад), таму што разрыў з суседзямі – Літвой і Польшчай – за чатыры гады толькі павялічыўся (яшчэ на 7–10 %), таму што ён стары і хворы, і цяпер гэта відаць як ніколі раней. Таму што не цягне.
А яшчэ ён проста злы, і любіць яго толькі Умка, які і стаў сапраўдным героем гэтых «выбараў». Вось цікава, колькі б галасоў сабраў гэты мілы сабачка, калі б яго, вядома ж, «дапусцілі»? Як лічыце?
belsat.eu / МВ