Замежнапалітычнае ведамства настойвае, што беларусы зрабілі «свой выбар і прагаласавалі за будаўніцтва моцнай і квітнеючай краіны». На дадатак, у МЗС падкрэслілі, што санкцыі і далей «не паўплываюць на абраны беларусамі курс».
«Мы вымушаныя канстатаваць, што гэтая заява наўмысна скажае факты, не ўлічвае аб'ектыўных рэаліяў у Беларусі і свеце. Прычым такая рыторыка выкарыстоўваецца на фоне ўласных сістэмных праблемаў, нарастання ўнутранай раз'яднанасці, дэградацыі пазіцыяў на міжнароднай арэне так званага калектыўнага Захаду», – пракаментавалі заявы ЕЗ і асобных краінаў у МЗС Беларусі.
Нагадаем, напярэдадні Аўстралія, Канада, Еўрапейскі Звяз, Новая Зеландыя і Вялікая Брытанія выступілі з заявай, у якой асудзілі «выбары» і рэпрэсіі ў Беларусі. Некаторыя з гэтых краінаў нядаўна ўвялі санкцыі супраць кампаніяў і асобаў з Беларусі.
У МЗС Беларусі падкрэслілі, што розніца паміж ацэнкамі назіральнікаў, якія наведалі Беларусь і паходзілі з больш чым 50 краінаў, уключаючы заходнія, і загадзя падрыхтаванымі штампамі ЕЗ відавочная. Таксама ў ведамстве адзначылі, што менавіта пад уплывам некаторых падпісантаў БДІПЧ АБСЕ пастанавіла не ўдзельнічаць у назіранні за выбарамі ў Беларусі.
«Беларусы, зрабіўшы свой выбар, выказаліся за працяг курсу на будаўніцтва моцнай і квітнеючай дзяржавы, фармаванне ўласнай мадэлі сучаснай дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці, якая адпавядае нашай гісторыі, традыцыям і менталітэту, – гаворыцца ў заяве МЗС Беларусі. – Працяг і ўзмацненне санкцыйнага ціску, тупіковасць і контрпрадуктыўнасць якога ўжо даўно не выклікаюць сумненняў, не паўплываюць на абраны грамадзянамі Беларусі курс».
Надзея Вольная belsat.eu