У Беларусі 1 лютага павялічваюцца памеры бюджэту пражыткавага мінімуму. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Бюджэт пражыткавага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва павялічыцца на 2,2 % і складзе Br 447,64. Новыя памеры БПМ будуць дзеяць да 30 красавіка 2025 года.
У сувязі са змяненнем БПМ аўтаматычна пераглядаюцца звязаныя з ім надбаўкі і павышэнні, а таксама асобныя сацыяльныя выплаты. Гэтак, на тыя ж 2,2 % павялічацца памеры дзяржаўнай дапамогі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей. У прыватнасці, гэта закране дапамогу ў сувязі з нараджэннем дзіцяці, аднаразовыя выплаты жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, штомесячную дапамогу сем'ям на дзяцей у веку ад трох да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці да трох гадоў, а таксама дзецям-інвалідам і дзецям з ВІЧ да 18 гадоў.
Апроч таго, 1 лютага павялічацца ўзроставыя даплаты да пенсіяў для асобаў, старэйшых за 75 гадоў.
Белстат паведаміў, што ў снежні гадавая інфляцыя склала 5,2 %, пры гэтым улады планавалі рост цэнаў летась максімум на 6 %. Эканамістка Настасся Лузгіна растлумачыла «Белсату», што такога паказніку дамагліся толькі дзякуючы штучнаму стрымліванню коштаў, і радавацца гэтаму не варта.
Якуб Хруст belsat.eu