Змяненне клімату можа прывесці да павелічэння колькасці смерцяў ад спякоты ў Еўропе на 2,3 млн чалавек да 2099 года, падлічылі навукоўцы. Пра гэта заявілі ўдзельнікі апублікаванага даследавання Лабараторыі мадэлявання навакольнага асяроддзя і здароўя (EHM) Лонданскай школы гігіены і трапічнай медыцыны (LSHTM).
Паводле даследавання, апублікаванага ў часопісе «Nature Medicine», змяненне клімату можа прывесці да больш як 2,3 млн дадатковых смерцяў, звязаных з высокай тэмпературай, у 854 еўрапейскіх гарадах да 2099 года. Праўда, на думку даследнікаў, 70 % гэтых трагедыяў можна пазбегчы, калі прыняць аператыўныя захады для аздараўлення планеты, перадае «Euronews».
Паводле прагнозаў, да канца стагоддзя найбольшая колькасць смерцяў, звязаных з тэмпературай, будзе зарэгістраваная ў Барсэлоне (246 082), Рыме (147 738) і Неапалі (147 248). За імі ідуць Мадрыд (129 716), Мілан (110 131), Афіны (87 523), Валенсія (67 519), Марсэль (51 306), Бухарэст (47 468) і Генуя (36 338). Пік смерцяў прагназуецца ў самых густанаселеных міжземнаморскіх гарадах. Але пацярпець могуць і невялікія гарады на Мальце, у Іспаніі і Італіі.
Па меры выдалення ад Міжземнамор'я наступствы будуць менш сурʼёзнымі. У іншых еўрапейскіх сталіцах (напрыклад, у Парыжы) магчымы меншы, але ўсё ж рост смяротнасці, прычым як ад холаду, так і ад спякоты. А вось на поўначы, на Брытанскіх астравах і ў Скандынавіі, наадварот, магчымае зніжэнне колькасці смерцяў, звязаных з тэмпературай навакольнага асяроддзя. Гэтак, у Лондане да канца стагоддзя колькасць смерцяў можа зменшыцца на 27 455.
,,«Даследаванне дае пераканаўчыя доказы таго, што рэзкі рост колькасці смерцяў, звязаных са спякотай, нашмат перавысіць любое зніжэнне смяротнасці, звязанае з холадам, што прывядзе да чыстага росту смяротнасці ўва ўсёй Еўропе», – адзначае прафесар Антоньё Гаспарыні, кіраўнік лабараторыі EHM у LSHTM.
А ці можна прыстасавацца?
Сучасныя кліматычныя мадэлі паказваюць, што тэмпература ў Еўропе расце ўдвая хутчэй, чым у сярэднім на планеце. Мэдлен Томсан, кіраўніца аддзелу ўздзеяння на клімат і адаптацыі да яго глабальнага дабрачыннага фонду «Wellcome», адзначае, што гарадам і вёскам неабходна хутка адаптавацца да зменлівага кантэксту, навучыцца змагацца з павышэннем тэмпературы. Культывацыя зялёных насаджэнняў, стварэнне вадаёмаў могуць дапамагчы астудзіць гарадское асяроддзе, дзе цеплыня затрымліваецца будынкамі і вялікай колькасцю асфальту ці бетону.
Аднак даследаванне паказвае, што нават вялізныя намаганні для адаптацыі гарадоў да змены тэмпературы не дазволяць збалансаваць росту рызыкі для здароўя праз спёку, асабліва ў найбольш уразлівых рэгіёнах, такіх як Міжземнаморʼе, Цэнтральная Еўропа і Балканы.
Паводле навукоўцаў, толькі значнае і хуткае скарачэнне выкідаў вуглякіслага газу можа зменшыць колькасць смерцяў ад экстрэмальнай спёкі.
2024 год пабіў усе рэкорды і стаўся самым цёплым у Беларусі за ўвесь перыяд назіранняў. Пры гадавой норме 7,2 градуса ў апошняе дзесяцігоддзе сярэдняя гадавая тэмпература паветра ўсё часцей перавышае адзнаку 8,5 градуса. Да нядаўняга часу самым цёплым лічыўся 2020 год з сярэдняю тэмператураю 9,1 градуса, але 2024 год пабіў і гэты рэкорд: сярэдняя тэмпература паветра летась склала 9,5 градуса.
Якуб Хруст belsat.eu