У Гомельскай вобласці пройдуць вучэнні ратавальнікаў і сілаў тэрытарыяльнай абароны. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве абароны і Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў.
У Мінабароны адзначылі, што з 28 да 30 студзеня сілы тэрытарыяльнай абароны Гомельскага раёну разам з інжынернымі падраздзяленнямі Узброеных сілаў правядуць тактычныя вучэнні.
Мэты вучэнняў – удасканаліць навыкі камандзіраў у кіраванні падпарадкаванымі падраздзяленнямі тэрытарыяльных войскаў, а таксама навучыць асабовы склад выкананню абавязкаў пры развязанні задачаў тэрытарыяльнай абароны ва ўзаемадзеянні з вайсковымі часткамі Узброеных сілаў.
Падчас вучэнняў плануецца адпрацаваць пытанні:
- забеспячэння падраздзяленняў тэрытарыяльных войскаў боепрыпасамі, арганізацыі іх разгрупавання і захоўвання ў раёне выканання вучэбна-баявых задачаў;
- вядзення выведкі раёнаў імавернага знаходжання суперніка, маршрутаў яго руху, арганізацыі засадных дзеянняў;
- ужывання падраздзяленняў тэрытарыяльных войскаў, у тым ліку падчас утрымання і прыкрыцця пазіцыяў і месцаў выканання задачаў мінна-падрыўнымі і непадрыўнымі загарадзямі.
Між тым, у абласным упраўленні МНС паведамілі БелТА пра правяранне 30 студзеня сістэмы апавяшчэння з уключэннем электрасірэнаў. У УМНС просяць грамадзянаў захоўваць спакой.
На Гомельшчыне перыядычна здараюцца інцыдэнты, звязаныя з вайной у суседняй Украіне. Гэтак, у ноч на 5 верасня 2024 года ў ваколіцах Гомля ВПС Беларусі знішчылі два расейскія дроны, падзенне абломкаў выклікала пажар на гарадскім складзе. Затым 3 кастрычніка дрон упаў у Калінкавічах. Жанчыну, камера на доме якой зафіксавала падзенне БПЛА, затрымалі сілавікі. Над Ельскім раёнам беспілотнік быў збіты ўначы 20 кастрычніка.
У ноч з 7 на 8 студзеня 2025 года жыхары Навабеліцкага раёну Гомля і пасёлку Чонкі позняй ноччу пачулі гук моцнага выбуху. Паводле відавочцы, «бабах моцны быў з боку лесу на поўдзень ад Гомля». Таксама паступіла непацверджаная інфармацыя пра моцны выбух у ваколіцах вайсковага аэрадрому Зябраўка, што прагучаў за дзень да гэтага. А ў ноч з 27 на 28 студзеня паведамлялася пра збіццё беспілотніка ў Мазырскім раёне.
Адзначым, што са словаў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, Аляксандр Лукашэнка ў першыя дні вайны прапанаваў украінцам ударыць па Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе ў якасці «кампенсацыі» за ракеты з боку Беларусі.
Якуб Хруст belsat.eu