У выбарчую нядзелю 26 студзеня дзяржаўны сакратар ЗША Маркаў Руб’ёў паведаміў пра вызваленне ў Беларусі амерыканскай грамадзянкі Анастасіі Нуфэр. Цяпер сталася вядома, хто яна і за што была затрыманая.
«Zerkalo» з дапамогаю «BELPOL» даведалася, што, Анастасія Нуфэр нарадзілася ў Менску ў 1977 годзе, ейнае дзявочае прозвішча – Ражкова. Яна двойчы была замужам. У 1999-м выйшла замуж за грамадзяніна ЗША Рэя Путнама і ўзяла прозвішча мужа. У 2005-м атрымала амерыканскае грамадзянства. У 2013-м беларуска выйшла замуж другі раз за Шэлдана Нуфэра, таксама грамадзяніна ЗША. У жанчыны ёсць два сыны-двайняты – Алекзандэр і Шон. Хлопцам па 22 гады, яны носяць прозвішча Путнам.
Паводле публічнага амерыканскага сэрвісу пошуку людзей, сыны жывуць з маці ў горадзе Элен у Тэхасе.
Мяркуючы са старонкі ў Facebook, Анастасія перыядычна прыязджала ў Беларусь і сустракалася са сваякамі. У пачатку 2024 года ў суполцы беларусаў у ЗША гэтай сацыяльнай сеткі Анастасія расказвала, што паведаміла ў аддзел грамадзянства і міграцыі Кастрычніцкага РУУС Менску пра наяўнасць у яе амерыканскага грамадзянства. Апошні допіс на ейнай старонцы быў зроблены 7 снежня 2024 года.
«Associated Press» са спасылкаю на Дзяржаўны дэпартамент ЗША паведаміла, што Нуфэр затрымалі ў Беларусі ў пачатку снежня 2024 года. Ананімны былы высокапастаўлены беларускі дыпламат расказаў «АР», што гэта звязана з пратэстамі 2020 года. Паводле ананімнай крыніцы, Аляксандр Лукашэнка сам прапанаваў вызваліць грамадзянку ЗША «ў якасці жэсту добрай волі», адмовіўшыся пры гэтым адпускаць любых беларускіх апазіцыянераў і праваабаронцаў.
26 студзеня дзяржаўны сакратар ЗША Маркаў Руб’ёў паведаміў, што, дзякуючы прэзідэнту Доналду Трампу Беларусь «у аднабаковым парадку вызваліла невінаватую амерыканку Анастасію Нуфэр, арыштаваную пры Джо Байдэну». Хто гэтая жанчына і за што дакладна яе пакаралі, не паведамлялі. Пра яе таксама не было вядома праваабаронцам «Вясны».
Якуб Хруст belsat.eu