Канада пасля выбараў у Беларусі ўвяла санкцыі супраць жонкі Аляксандра Лукашэнкі Галіны і яшчэ шэрагу асобаў і кампаніяў.
Канада ўвяла санкцыі «ў сувязі з працяглымі грубымі і сістэматычнымі парушэннямі правоў чалавека рэжымам Лукашэнкі ў Беларусі, а таксама за падтрыманне Расеяй парушэння суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны».
Тым, хто трапіў у санкцыйны спіс, Канада замарожвае актывы ў сваіх межах. Канадцы за межамі сваёй краіны таксама не могуць ажыццяўляць аперацыі з любой маёмасцю падсанкцыйных асобаў і кампаніяў, ажыццяўляць аперацыі з любой іхнай маёмасцю. Людзям з санкцыйнага спісу забараняецца ўезд у Канаду.
Акрамя Галіны Лукашэнкі пад санкцыі трапілі:
– удзельніца праўладных аўтапрабегаў, і, згодна са злівамі тэлефонных размоваў ад «Кіберпартызанаў», блізкая да камандзіра менскага АМАПу Дзмітрыя Балабы асоба Вольга Маршаловіч;
– камандзір 2-га ўзводу АМАПу Менгарвыканкаму, сын Дзмітрыя Балабы Арцём Балаба;
– сын Дзмітрыя Балабы Максім Балаба;
– супрацоўнік 5-га ўпраўлення ГУБАЗіКу, сын намесніка міністра ўнутраных справаў Беларусі – камандуючага ўнутранымі войскамі Мікалая Карпянкова Ігар Карпянкоў;
– жонка Мікалая Карпянкова Ірына Карпянкова;
– дырэктар ААТ «Завод «Легмаш» Уладзіслаў Паўленка;
– дырэктар кампаніі «Беспілотныя верталёты» Уладзімір Чудакоў;
– дырэктар ААТ «Станкагомель» Анатоль Савянок;
– начальнік ГУБАЗіКу Андрэй Ананенка.
Кампаніі і арганізацыі, якія трапілі пад санкцыі:
– АМАП;
– ГУБАЗіК;
– Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі;
– «Станкагомель»;
– «Беларускі металургічны завод»;
– «Легмаш»;
– канструктарскае бюро «Беспілотныя верталёты»;
– ТАА «Лабараторыя адытыўных тэхналогіяў»;
– «Рухсерваматар»;
– «Менскі падшыпнікавы завод»;
– «Менскі завод шасцерняў»;
– «Вістан».
Арсен Рудэнка belsat.eu