У Польшчы 26 студзеня памёр былы генеральны дырэктар «Пінскдрэву» Ларан Арыніч. Пра гэта выданню «MOST» распавялі знаёмыя сям'і. Арыніч 14 гадоў не быў у Беларусі і спрабаваў давесці, што не вінаваты ў выбуху на прадпрыемстве.
У снежні 2024 года ў 88-гадовага Ларана Арыніча выявілі пухліну. Неўзабаве яму зрабілі аперацыю і выпісалі са шпіталю. Пасля аперацыі яго спачатку даглядалі ўдома, а потым перавезлі ў дом догляду старых. Ён прабыў там крыху больш за тыдзень і памёр.
«Ягоным апошнім жаданнем было вярнуцца дадому апраўданым», – дадала крыніца выдання.
Ларана Арыніча пахаваюць у Беларусі.
Ён нарадзіўся ў 1936 годзе ў сям'і ссыльных сялянаў. У 1950 годзе сям'я атрымала дазвол вярнуцца ў Беларусь. Яшчэ ў СССР Арыніч быў кіраўніком «Пінскдрэву», а пазней адным з асноўных акцыянераў прадпрыемства.
25 кастрычніка 2010 года на заводзе «Піснкдрэў-ДСП» адбыўся выбух. У выніку загінулі 14 асобаў. На Арыніча і яшчэ трох чалавек завялі крымінальную справу. Арыніч з'ехаў у Польшчу і быў абвешчаны ў Беларусі ў вышук. Яго пазбавілі акцыяў кампаніі.
Ларан Арыніч не прызнаваў віны і спрабаваў даказаць невінаватасць. Ён хацеў вярнуцца ў Беларусь, калі скончыцца тэрмін даўнасці крымінальнай справы. Гэта магло адбыцца якраз у 2025 годзе.
Арсен Рудэнка belsat.eu