Радослаў Сікорскі адрэагаваў на абвешчаны Цэнтрвыбаркамам Беларусі вынік «выбараў» прэзідэнта. Міністр замежных справаў Польшчы задаўся пытаннем, ці змесцяцца ў турмах усе тыя, хто не галасаваў за Лукашэнку.
«Толькі 87,6 % беларусаў любяць свайго бацьку?! Астатнія змесцяцца ў турмах?» – напісаў кіраўнік МЗС Польшчы Радослаў Сікорскі ў сваім акаўнце ў сацсетцы X.com.
Так дыпламат пракаментаваў вынік «выбараў», што агучыў беларускі Цэнтрвыбаркам. Паводле гэтых звестак, Аляксандр Лукашэнка нібыта атрымаў 87,6 % галасоў, што сталася максімумам за ўсе электаральныя кампаніі.
Нядаўна паміж Сікорскім і Лукашэнкам адбылася завочная сварка. Польскі міністр саркастычна паскардзіўся, што «невыносна чакаць абвяшчэння пераможцы „выбараў“». Сікорскі таксама заклікаў журналістаў не называць Лукашэнку апошнім дыктатарам Еўропы, бо «гэта несправядліва»:
«У крадзяжах, рэпрэсіях і міжнароднай агрэсіі Уладзімір Пуцін яго дагнаў і перагнаў».
Гэты допіс на прэс-канферэнцыі Лукашэнкі працытавала ягоная спікерка Наталля Эйсмант. Палітык даручыў «чыркануць» у адказ, што няхай Сікорскі «свайго носа не суне, куды не просяць». МЗС Беларусі паслухмяна выканала загад.
Напярэдадні ж Сікорскі разам са Святланаю Ціханоўскаю паляцеў з Варшавы ў Брусель, дзе 27 студзеня адбудзецца пасяджэнне міністраў замежных справаў краінаў ЕЗ. У аэрапорце польскі міністр сказаў, што «Лукашэнка зладзіў выбарчы фарс», а насамрэч беларусы абралі прэзідэнткаю Ціханоўскую. Пасля гэтага Сікорскі запрасіў спадарыню прэзідэнтку на борт самалёта.
Польшча цяпер старшынствуе ў ЕЗ. На сустрэчы ў Бруселі кіраўнікі міністэрстваў замежных справаў плануюць абмеркаваць у тым ліку новы пакет санкцыяў супраць Расеі, што мае быць ухвалены на трэцюю гадавіну вайны ва Украіне.
Сцяпан Кубік belsat.eu