Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі абвясціла папярэднія афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў. Канчатковыя афіцыйныя вынікі плануюць назваць 3 лютага.
Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі ў ноч на 26 лютага назвала папярэднія афіцыйныя вынікі выбараў-2025. Паводле яе, галасы размеркаваліся гэтак:
- Аляксандр Лукашэнка – 86,82 %;
- Сяргей Сыранкоў – 3,21 %;
- Алег Гайдукевіч – 2,02 %;
- Ганна Канапацкая – 1,86 %;
- Аляксандр Хіжняк – 1,74 %;
- супраць усіх – 3,6 %;
- кудысьці зніклі 0,75 % – імаверна, гэта сапсаваныя бюлетэні або апіскі ў вышэйшых выніках.
Яўка склала, калі верыць ранейшаму паведамленню ЦВК, 85,7 %.
Выбары былі фактычна бесканкурэнтнымі: яны праводзіліся ва ўмовах жорсткіх рэпрэсіяў і без допуску рэальнай апазіцыі.
Праціўнікі Лукашэнкі заклікалі да актыўнага ці пасіўнага байкоту. У асноўны дзень галасавання праціўнікі Лукашэнкі правялі шэраг акцыяў, у тым ліку вялікі марш у Варшаве і форум «Беларусы годныя лепшага».
Шэраг краінаў загадзя паведаміў, што не прызнае гэтых выбараў. Больш за месяц таму не прызнаваць «фіктыўных прэзідэнцкіх выбараў» у Беларусі заклікалі Кангрэс Злучаных Штатаў і кіраўнікі камітэтаў замежных і еўрапейскіх справаў парламентаў Італіі, Іспаніі, Літвы, Польшчы, Украіны і Эстоніі. У супольнай заяве вярхоўнай прадстаўніцы Еўразвязу Каі Калас і камісаркі ў пытаннях пашырэння Еўразвязу Марты Кос гаворыцца, што беларускія выбары «пазбаўленыя ўсялякай легітымнасці». Цяпер у Беларусі няма празрыстасці ў правядзенні выбараў, не паважаюцца правы чалавека і ёсць абмежаванні на свабоду сходаў і слова.
Афіцыйныя лічбы яўкі не рэкордныя: у 2006 годзе ЦВК заяўляў пра 92,6 %.
Афіцыйныя вынікі Лукашэнкі на выбарах-2025 рэкордныя. У мінулыя гады ЦВК пісаў такія ягоныя вынікі:
- 1994 – 80,34 % у другім туры пасля 44,82 % у першым;
- 2001 – 75,65 %;
- 2006 – 82,97 %;
- 2010 – 79,65 %;
- 2015 – 83,47 %;
- 2020 – 80,1 %.
Цяперашнія 86,82 % Лукашэнкі – толькі крыху менш за вынік Уладзіміра Пуціна на ягоных рэкордных выбарах 2024 года. Тады Пуціну напісалі 87,28 % (праўда, пры меншай яўцы: 77,49 %).
Пасля 1994 года заходнія дэмакратычныя краіны і міжнародныя арганізацыі не прызнавалі свабоднымі і справядлівымі ніводныя выбары ў Беларусі.
Адносна выбараў-2020 ёсць надзейныя доказы фальсіфікацыяў: платформа «Голас» сабрала паўмільёна фота бюлетэняў і паўтары тысячы пратаколаў, прааналізавала супадзенні і разыходжанні, прыйшла да высновы, што тады Лукашэнка прайграў у першым туры з 34 % галасоў, а Святлана Ціханоўская перамагла з 56 % (дэталі тут у PDF).
Паводле апытання, якое з 9 снежня 2024-га да 15 студзеня 2025 года праводзіла Беларуская ініцыятыва інстытуту «Chatham House», выразна падтрымліваюць Лукашэнку 33 % жыхароў Беларусі, яшчэ 14 % – выразна прадэмакратычныя, 13 % – незадаволеныя Лукашэнкам перадусім з эканамічных прычынаў, 41 % – нейтральныя.
Алесь Наваборскі belsat.eu