навіны

АПК прапануе стварыць Фонд сацыяльнага падтрымання беларусаў. Што гэта і для каго

Вольга Зазулінская падчас форуму ў Варшаве «Беларусы годныя лепшага». Фота: Белсат
Вольга Зазулінская падчас форуму ў Варшаве «Беларусы годныя лепшага». Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Кіраўнік апарату Аб'яднанага пераходнага кабінету Валер Мацкевіч 26 студзеня падчас форуму ў Варшаве «Беларусы годныя лепшага» прэзентаваў ідэю Фонду сацыяльнага падтрымання беларусаў. У каментары «Белсату» прадстаўніца АПК у сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская расказала, што і чаму плануецца зрабіць.

Палітычная дзяячка заявіла, што пакуль гэта толькі ідэя і сам фонд яшчэ не створаны. Паводле яе, ён мае дапамагаць людзям сталага веку, пенсіянерам, якія вымушана апынуліся за мяжой і не маюць сродкаў на годнае існаванне, у тым ліку пенсіяў, і не заўсёды могуць уладкавацца на працу. Таксама плануецца падтрымліваць людзей з інваліднасцю, самотных і шматдзетных бацькоў, прадстаўнікоў ЛГБТК+.

Прадстаўніца АПК адзначыла, што на адрозненне ад фонду «BYSOL», які аказвае тэрміновае і персанальнае падтрыманне, тут падтрыманне мае быць сістэмным і для цэлых групаў. Пры гэтым, на адрозненне ад Міжнароднага гуманітарнага фонду, плануецца, што дапамогу атрымаюць не толькі тыя, хто непасрэдна пацярпеў ад рэпрэсіяў, але і тыя, хто з’ехаў прэвентыўна або ўслед за сваімі сваякамі.

,,

«Калі ў эміграцыі апынаецца сямʼя, у якой ёсць сталыя людзі, то трэба разумець, што дзеці прымаюць на сябе адказнасць у забеспячэнні сваіх сталых бацькоў, і гэта дастаткова цяжка, калі няма падтрымання ў саміх сталых людзей», – адзначыла Вольга Зазулінская.


Святлана Ціханоўская на адкрыцці форуму «Беларусы годныя лепшага». Варшава, Польшча. 26 студзеня 2025 года. Фота: Белсат

Што рабіць з тым, што «беларусы годныя лепшага»? Вось што казалі на форуме ў Варшаве

Рэпартаж

Паводле яе, фактычна гэты фонд мае ўзяць на сябе функцыі дзяржавы і дзяржаўнага Фонду сацыяльнага падтрымання насельніцтва ў Беларусі, які цяпер гэтымі людзьмі не займаецца.

Адкуль грошы?

Перад тым, як запусціць фонд, плануецца правесці сацыялагічнае даследаванне, каб даведацца колькасць людзей, якім патрэбная дапамога. Пасля гэтага прапануецца распрацаваць пакеты дапамогі для кожнай групы беларусаў, якім яна неабходная.

Напаўняць фонд плануецца за кошт саміх беларусаў, якія, як у Польшчы ці Літве, могуць пералічваць частку свайго падатку на гэта.

«Яны будуць мець права абмяркоўваць вострыя пытанні і выносіць на парадак дня, калі фонд ужо арганізуецца і пачне працаваць, якой першай групе мы пачнём дапамагаць. Адначасова ўсім не атрымаецца, усё роўна гэта будзе крок па кроку», – сказала Зазулінская.

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка з пашпартам Новай Беларусі падчас форуму «Беларусы годныя лепшага». Варшава, Польшча. 26 студзеня 2025 года. Фота: Белсат

Не сувенір. Вячорка расказаў, што будзе з пашпартам Новай Беларусі і што ён дасць

навіны

Таксама плануецца прыцягнуць да фінансавання краіны-партнёры, як гэта робіцца з Міжнародным гуманітарным фондам, і асобных мецэнатаў.

«Гэта ж наш удзел, нашае жаданне. Калі мы разумеем, што гэтыя людзі маюць патрэбу ў абароне, і што для таго, каб дапамагаць, мы мусім знайсці недзе сродкі, то беларусы могуць рабіць гэта найперш. Любая сацыяльная дзяржава будуецца на людзях, на тых, хто можа дапамагаць, і тых, каму мы мусім дапамагаць», – заявіла прадстаўніца АПК.

Без гэтага фонду, на ейную думку, скасаваць праблемы беларусаў, якія вымушана выехалі з Беларусі, не атрымаецца:

,,

«Людзі думалі, што вось паўгода – мы вернемся, вось год – мы вернемся дадому, у нас усё будзе добра... І людзі не глядзелі на доўгую дыстанцыю. Але мы ўжо выйшлі на доўгую дыстанцыю».


Зазулінская адзначыла, што ў перспектыве гэты фонд мог бы дапамагаць і людзям у Беларусі, дзе таксама цярпяць гэтыя групы, але дзяржава замест таго, каб ім дапамагаць, «робіць так, што гэтыя групы пашыраюцца».

Макар Мыш, Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10