Беларус Дзмітрый Ананчык ваяваў на баку Расеі супраць Украіны і трапіў у палон. Пра гэта ён расказаў у інтэрв’ю ўкраінскаму праекту «Хачу жыць». Мужчына сцвярджае, што яго прымусіла ваяваць вайсковая паліцыя ў Луганску.
Дзмітрый Ананчык нарадзіўся ў 2000 годзе. Працаваў у лагістыцы і будаванні. У Беларусі ў яго застаўся пяцігадовы сын.
Дзмітрый расказаў, што прыехаў у Луганск для працы ў снежні 2024 года, бо ў Беларусі заробкі невысокія. Ён працаваў памочнікам кафляра. Калі збіраўся вяртацца, яго схапіла вайсковая паліцыя.
«Завезлі ў аддзяленне разам з нелегальнымі грамадзянамі розных нацыянальнасцяў. Абулі, апранулі і адправілі на палігон», – сказаў Дзмітрый.
Ён ваяваў паводле кантракту. На пытанне праекту, чаму, бо кантракт мусіць падпісвацца добраахвотна, мужчына сумна пасміхаецца.
«Гэта не першы выпадак ужо [калі кантракт падпісваецца не добраахвотна. – Заўв. рэд.]. Ну, нападпітку быў», – кажа Дзмітрый.
Вайсковая паліцыя скарысталася гэтым і стала ціснуць на мужчыну.
«Даказвалі, што патрэбны дазвол на працу. Я паўтараў, што паміж Беларуссю і Расеяй няма мяжы і не патрэбны дазвол, – адзначыў ён. – А як там супраціўляцца? Прывялі ў адборы пункт, паставілі перад доктарам па пояс голым. Доктар нават не глядзіць – прыдатны да вайсковай службы».
Кантракт быў падпісаны 10 снежня 2025 года, а 19 снежня Дзмітрый ужо трапіў у палон.
Ён дадаў, што разам з ім былі мужчыны з месцаў пазбаўлення волі, былі і «ідэйныя», і мабілізаваныя яшчэ з 2022 года, і тыя, хто разумелі, што іх адпраўляюць на смерць.
Арсен Рудэнка belsat.eu