Лідарка дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская выказалася з нагоды выбараў у Беларусі, назваўшы гэта фарсам ды імітацыяй, а яшчэ падзякавала міжнароднай супольнасці за падтрыманне і запэўніла, што дэмакратычныя сілы працягваюць змагацца за дэмакратычную Беларусь. Яна зрабіла заяву падчас візіту ў Варшаву 26 студзеня.
«Дарагія сябры! Тое, што адбываецца сёння ў Беларусі, – фарс і імітацыя. Гэта ніякія не выбары, а хутчэй "спецыяльная выбарчая аперацыя" незаконнага ўтрымання ўлады Лукашэнкам.
Мы вітаем пастановы Еўрапейскага Звязу, Злучаных Штатаў і 37 краінаў АБСЕ не прызнаваць бязвыбараў», – адзначыла Святлана Ціханоўская.
Яна ўпэўненая, што беларусы ніколі не прымуць Лукашэнкі.
«Ён злачынца, які захапіў уладу і пры дапамозе Пуціна ўтрымлівае 9 мільёнаў беларусаў у закладніках. Тысячы застаюцца ў турмах за сваю палітычную і грамадскую пазіцыю. Ён уцягнуў Беларусь у вайну, здае нашую краіну Расеі, стаў пагрозай нашым суседзям. Ён не прадстаўляе беларускага народу.
Мы працягваем настойваць на свабодных і справядлівых выбарах. Але для гэтага перш-наперш мусяць быць вызваленыя палітвязні. Спыненыя рэпрэсіі. Вінаватыя ў злачынствах мусяць быць пакараныя. Усе, хто вымушана выехаў, мусяць мець магчымасць вярнуцца дамоў», – дадала Ціханоўская.
Паводле яе, дэмакратычныя сілы выступаюць за нацыянальны дыялог, але «які дыялог магчымы ва ўмовах тэрору?».
«Дэмакратычныя сілы Беларусі, Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада працягнуць падтрымліваць беларусаў, прадстаўляць іх інтарэсы і адстойваць нашую дзяржаўнасць. Мы будзем захоўваць адзінства, а таксама каардынаваць нашую працу з міжнароднай супольнасцю.
Я веру, што разам мы абавязкова даможамся таго, каб Беларусь засталася незалежнай і стала дэмакратычнай краінай. Таму што беларусы годныя лепшага», – сказала на заканчэнне Ціханоўская.
Арсен Рудэнка belsat.eu