Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі пракаментаваў прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ў X. МЗС Беларусі адказаў па-хамску і прапанаваў сачыць за польскімі выбарамі.
«Сёння "выбары" ў Беларусі. Чаканне таго, хто будзе абвешчаны пераможцам, невыноснае», – напісаў Радослаў Сікорскі.
Гэта заўважыў МЗС Беларусі і адказаў:
«Спадару міністру, выбары ў Польшчы адбудуцца 18 траўня 2025 года, і толькі яны мусяць вас цікавіць.
Так што займайцеся праблемамі сваёй краіны і сваіх грамадзянаў, і "не суньце свайго носа туды, куды вас не просяць", як толькі што сказаў прэзідэнт Лукашэнка».
Аляксандр Лукашэнка таксама пракаментаваў 26 студзеня заяву МЗС Польшчы пра непрызнанне выбараў у Беларусі. Але ён выказаўся больш стрымана, чым ягоныя падначаленыя.
«Сікорскі ж дасведчаны чалавек. Мы з ім сустракаліся, размаўлялі. Чаго яму карціць з нагоды нашых выбараў? Ён хай думае, што будзе заўтра. Сёння гноем закідалі Міністэрства замежных справаў польскія сяляне. А заўтра? Таму супакойцеся! Мы што, пра вас нешта гаворым? Не», – сказаў Лукашэнка.
Радослаў Сікорскі рэгулярна крытыкуе ўлады Беларусі. Тое ж тычыцца Уладзіміра Пуціна і агрэсіі супраць Украіны.
Арсен Рудэнка belsat.eu