навіны

Заява палка Каліноўскага: Настаў час выбіраць

Камандзір палка Каліноўскага Павел (Дзядзька) Шурмей. Фота: скрыншот з відэа kalinouski.org
Камандзір палка Каліноўскага Павел (Дзядзька) Шурмей. Фота: скрыншот з відэа kalinouski.org
podpis źródła zdjęcia

У дзень, калі ў Беларусі ладзіцца імітацыя выбараў, прадстаўнікі палка Каліноўскага, якія змагаюцца са зброяй у руках ва Украіне з расейскімі акупантамі, расказалі пра выбар, які зрабілі яны і які мусяць у хуткім часе зрабіць усе беларусы.

У заяве, апублікаванай на сайце палка Каліноўскага, гаворыцца, што прайшло амаль пяць гадоў з падзеяў 2020 года, за якія змянілася ўсё.

«Часта кажуць, што ў беларусаў няма выбару. Гэта няпраўда. Выбар ёсць заўсёды. Мы, беларускія добраахвотнікі палка імя Кастуся Каліноўскага, зрабілі свой выбар. Мы ўзялі ў рукі зброю. І кожны знішчаны акупант, кожны бой – гэта наш крок да свабоды», – гаворыцца ў заяве.

Каліноўцы адзначаюць, што змагаюцца за сваё простае права на жыццё і свабоду, бо вайна ва Украіне – «не нейкі далёкі канфлікт, а пагроза, якая ўжо стаіць на парозе нашай хаты». Адседзецца не атрымаецца, бо глабальны канфлікт не абміне нікога.

На нас рухаецца зло, якое прыносіць смерць, гвалт і знішчэнне. Былога спакойнага жыцця больш няма, як няма гарантыяў і бяспечных месцаў. А абмеркаванне вайны ў Еўропе цяпер вядзецца адкрыта, адзначаецца ў звароце.

«Калі вы думаеце, што ваша хата з краю, то хутка з’явяцца тыя, каму яна патрэбная больш, чым вам. У нас цяпер ёсць выбар, але выбар цяжкі: біцца ці бегчы. Пытанне толькі адно: які выбар твой?» – звяртаюцца каліноўцы да беларусаў.

Час словаў скончыўся, гаворыцца ў заяве, і настаў час дзеянняў – час зрабіць свой выбар.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10