навіны

Улады асвоілі дыпфэйкі і выпусцілі фальшывы зварот Ціханоўскай

img
Святлана Ціханоўская ў «звароце», зробленым з дапамогаю нейрасетак. Скрыншот: tsikhanoyskaya / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Зроблены з дапамогаю нейрасетак ролік апублікавалі ў Telegram-канале, адрас якога на адну літару адрозніваецца ад сапраўднага. У «звароце» абраная прэзідэнтка нібыта складае з сябе паўнамоцтвы.

Telegram-канал, падобны да афіцыйнага каналу Святланы Ціханоўскай, быў створаны 15 лістапада. Ён мае такую ж аватарку, там дубляваліся ўсе допісы з сапраўднага каналу, а сёння там з'явілася фэйкавае відэа, зробленае з дапамогаю нейрасетак: нібыта Ціханоўская кажа, што пастанавіла «спыніць дзейнасць у якасці нацыянальнага лідара Беларусі», а ейныя паўнамоцтвы «пераходзяць да Паўла Латушкі».

У расейскамоўным допісе аўтары фэйкавага каналу слова «беларусы» ўжылі з літарай «а», аднак з прыметнікам рады не далі, напісаўшы «белорусском».


У фальшывы канал нагналі 21 326 падпісчыкаў, у сапраўдным на момант публікацыі гэтага тэксту – 21 285.


Гэты дыпфэйк ужо пракаментавала Ціханоўская: «Застаюся з вамі, каб працягваць нашае змаганне дзеля нашай роднай Беларусі».

Махляры ад імя «Сумленных людзей» заклікаюць да альтэрнатыўнага галасавання. Крыніца: honestpeople_by / Telegram

Асцярожна, фэйк: махляры ад імя «Сумленных людзей» заклікаюць да альтэрнатыўнага галасавання

навіны

Гэта не першы такі інцыдэнт за апошні час. Надоечы ініцыятыва «Сумленныя людзі» папярэдзіла пра фэйкавы Telegram-канал «Честные люди», створаны 14 студзеня, дзе заклікаюць узяць удзел у альтэрнатыўным падліку галасоў.


«Відавочна, гэта спроба скрасці вашыя асабовыя звесткі», – адзначылі сапраўдныя «Сумленныя людзі». 


А стваральнік сістэмы галасавання «Belarus ID» Павел Лібер папярэдзіў пра фальшывы сайт з брэндынгам гэтага праекту:


«Нібыта гэта нашая праграма для галасавання. Гэта фэйк і відавочна спроба КДБ злавіць актывістаў перад выбарамі. Не заходзьце туды і нічога не пампуйце адтуль».


Беларусаў заклікаюць дбаць пра бяспеку, спраўджваць крыніцы інфармацыі і не пераходзіць праз падазроныя спасылкі.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10