У адпаведнасці з распараджэннем Аператыўна-аналітычнага цэнтру пры Лукашэнку беларускія хостынг-правайдары абмежавалі на тры дні доступ з-за мяжы да некаторых сайтаў, што карыстаюцца воблачным хостынгам.
«З 10:00 25 студзеня да 23:59 27 студзеня 2025 года беларускія хостынг-правайдары абмяжуюць доступ да віртуальнага хостынгу з-за межаў Рэспублікі Беларусь. Гэтыя захады абумоўленыя пагрозамі для аб'ектаў інфармацыйнай інфраструктуры і інфармацыі, што апрацоўваецца з іх выкарыстаннем», – гаворыцца ў паведамленні інтэрнэт-правайдара «hoster.by».
Таксама «hoster.by» папярэджвае сваіх кліентаў, што ў выпадку, калі яны карыстаюцца вонкавымі сэрвісамі, то ім трэба падрыхтавацца да таго, што доступ да іхных рэсурсаў будзе абмежаваны.
Воблачны хостынг прадугледжвае запуск ўэб-сайту або аплікацыі на некалькіх серверах, размешчаных у воблаку на магутнасцях воблачнага правайдара. Часта такімі сэрвісамі карыстаюцца буйныя сайты пошукавых сістэмаў і сацыяльных сетак.
Гендырэктар «hoster.by» Сяргей Павалішаў адзначыў на сваёй старонцы ў Facebook, што абмежаванне закране большасць беларускіх сайтаў, бо да 90 % з іх працуюць менавіта на віртуальным хостынгу.
Нагадаем, напярэдадні дня так званых выбараў (26 студзеня) з’яўлялася інфармацыя пра тое, што ў дзень выбараў у Беларусі можа быць адключаны доступ у інтэрнэт. Пакуль такія паведамленні не пацвярджаюцца. Тым не менш падчас візіту ў МДЛУ Лукашэнка сказаў, што гэта ён у жніўні 2020-га загадаў адключыць інтэрнэт у Беларусі. І прыгразіў, што калі будзе трэба, увогуле адключыць яго ў краіне.
Раман Шавель belsat.eu