навіны

У Славаччыне прайшлі шматтысячныя мітынгі супраць палітыкі Фіца

Пратэсты ў Славаччыне супраць палітыкі прэм'ер-міністра краіны Роберта Фіца. 23 студзеня 2025 года. Фота: aktuality.sk
Пратэсты ў Славаччыне супраць палітыкі прэм'ер-міністра краіны Роберта Фіца. 23 студзеня 2025 года. Фота: aktuality.sk
podpis źródła zdjęcia

24 студзеня ў Славаччыне адбыліся шматлікія акцыі пратэсту супраць палітыкі прэм’ер-міністра Роберта Фіца. Яны прайшлі ў больш чым 20 гарадах краіны пад лозунгам «Славаччына – гэта Еўропа».

Паводле арганізатараў акцыяў, найбольшая колькасць удзельнікаў сабралася ў Браціславе каля рэзідэнцыі ўрада, там прысутнічала каля 60 тысяч чалавек, паведамляюць славацкія СМІ. Пратэсты арганізавала ініцыятыва «Мір Украіне» разам з апазіцыйнымі палітычнымі партыямі. Падобныя акцыі адбыліся і ў іншых краінах, у тым ліку ў Польшчы, Германіі, Чэхіі і Ірландыі.

Асноўныя патрабаванні ўдзельнікаў пратэстаў – адстаўка Роберта Фіца і змяненне палітычнага курсу краіны. Крытыкі прэм’ер-міністра лічаць, што яго палітыка мае «прарасейскі» характар і становіцца ўсё больш аўтарытарнай. 

У адказ на гэтыя абвінавачанні Фіца заявіў: «Гэта ўрад ніколі не зробіць крокаў, якія паставяць пад сумнеў наша членства ў Еўрапейскім Саюзе і НАТА». 

Разам з тым ён сцвярджае, што ў краіне рыхтуецца «дзяржаўны пераварот», у якім, паводле яго слоў, удзельнічаюць апазіцыя, недзяржаўныя арганізацыі, СМІ і замежныя «экспертныя групы». 

Прэм’ер звязвае гэта з доўгатэрміновай арганізаванай аперацыяй, накіраванай на дэстабілізацыю краіны, і 23 студзеня склікаў пасяджэнне Савета бяспекі для абмеркавання інфармацыі, атрыманай ад Славацкай інфармацыйнай службы (SIS). Ён таксама сцвярджае, што на тэрыторыі Славакіі дзейнічае група, звязаная з падзеямі ў Грузіі і пратэстамі на Майдане ва Украіне.

Паліцыя падчас акцый пратэсту прыняла меры бяспекі, каб гарантаваць іх мірны характар, і заклікала ўдзельнікаў выконваць яе інструкцыі. У некаторых гарадах адначасова прайшлі санкцыі ў падтрымку Фіца пад лозунгам «Славаччына – не Украіна». У Браціславе на такую акцыю сабралася каля 40 чалавек.

Нагадаем, што Роберт Фіца неаднаразова выказваўся пра неабходнасць спыніць дапамогу Украіне. 12 студзеня ён абрынуўся з крытыкаю на прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага на пасяджэнні парламенцкага камітэту ў еўрапейскіх справах, назваўшы яго жабраком і шантажыстам. 

Асаблівае напружанне стасункаў паміж найвышэйшымі асобамі Украіны і Славаччыны пачалася пасля таго, як з 1 студзеня Украіна спыніла транспартаванне расейскага газу на Захад, спрабуючы пазбавіць Маскву прыбыткаў. Доля расейскага газу ў славацкім імпарце складала каля 50 %. Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы з Фіца ў Маскве паабяцаў знайсці альтэрнатыўныя шляхі паставак расейскай сыравіны ў Славаччыну, напрыклад, пры дапамозе «Турэцкага патоку».

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10