Беларусы сталі масава атрымліваць паведамленні з папярэджаннямі, што яны падпісаныя ў сацсетках на «экстрэмістаў» і пакідаюць там каментарыі ці лайкі. У паведамленнях палохаюць адказнасцю і падаюць усё так, быццам абсалютна ўсё вядома сілавікам. «Белсат» разбіраўся, што адбываецца, як засцерагчы сябе і ці ўсё насамрэч так дрэнна.
Што адбываецца?
Пра хвалю паведамленняў ад ананімаў паведамляюць чытачы «Белсата», падпісчыкі і каментатары старонак у сацсетках сузаснавальніка фонду «BYSOL» Андрэя Стрыжака і каманда «Кіберпартызанаў» і іншыя. Часцей за ўсё людзям пішуць у Instagram, на электронную пошту ці ў Telegram.
У паведамленні ўтрымліваецца інфармацыя пра таго, каму пішуць. Гэта можа быць, як нікнэйм уліковага запісу і id-адрас, так і больш інфармацыі – нумар тэлефона і электронная пошта:

Таксама гаворыцца, як быў заўважаны акаўнт – проста падпісаны на «экстрэмістаў», пакідаў каментарыі ці лайкі. У паведамленні пакінутая спасылка на тэлеграм-канал «Deanon protesta», у якім ёсць цэлыя базы звестак пра гэтых людзей.
Гэта ўсё можа выглядаць страшна, аднак супер-тэхналогія, якая выдае ўсе звесткі пра чалавека, за гэтым не стаіць. Але прыняць меры засцярогі трэба, кажуць «Белсату» «Кіберпартызаны», «BELPOL» і Андрэй Стрыжак.
Хто робіць рассылкі?
Тэлеграм-канал «Deanon protesta» актыўны з 19 снежня 2024 года. Яго вядзе нібыта адзін чалавек, які ў якасці хобі займаецца дэананімізацыяй нелаяльных уладам. Ён намякае, што сам з Расеі – Беларусь называе альбо РБ альбо «Белоруссия». У канцы паведамленняў падпісваецца «уважаемый, Окрестино». У канале згадваюцца падзякі беларускаму ГУБАЗіКу за супрацу. ГУБАЗіК нібыта нават запрашаў ананіма ў Беларусь, каб аддаць «обещанные два пузыря» гарэлкі «ГУБОПОВКА».
Прадстаўнік «BELPOL» Мацвей Курпейчык кажа «Белсату», што знайсці звесткі і зладзіць рассылкі сапраўды мог бы адзін чалавек. Аднак Купрэйчык, «Кіберпартызаны» і Андрэй Стрыжак распавялі «Белсату», што лічаць, што за гэтым усё ж стаіць беларускі ГУБАЗіК.
,,«Мы мяркуем, што такія рассылкі не робяць "простыя смяротныя". Хутчэй іх усё ж такі робяць мянты. Бо няма ў Беларусі іншых "энтузіастаў", якія будуць дапякаць народ. Гэта альбо мянты, альбо іх хаўруснікі, якім за гэта плацяць», – кажуць «Кіберпартызаны».
Як звесткі апынуліся ў ананіма?

Усе тры суразмоўцы «Белсту» лічаць, што звесткі людзей сабраныя з адкрытых крыніц, то бок у базах тое, што людзі самі пра сябе пакінулі ў інтэрнэце. Кожны можа зайсці на Instagmam-стронку «Белсата» і паглядзець, хто на яе падпісаны, ставіць лайкі і пакідае каментары. Тое самае з адкрытымі тэлеграм-чатамі. То бок ніякіх узломаў не было.
«Белсат» вывучыў частку базаў тэлефонных нумароў людзей з Беларусі ад «Deanon protesta». На ўсіх старонках, якія мы праглядзелі ў Instagram, людзі самі пакідалі нумары тэлефонаў. Звесткі з Telegram нібыта ад 2022 года, таму нумары ёсць не паўсюль, але шмат людзей дасюль пакінулі іх адкрытымі.
«Deanon protesta» збірае ўсе дасяжныя звесткі аўтаматычна з дапамогай спецыяльнай праграмы. Гэта пацвярджаюць паведамленні самога тэлеграм-канала пра парсінг (аўтаматычны збор).
Мы таксама праверылі, якія звесткі ў базах ёсць пра Instagram-акаунты, якія закрытыя і ў якіх ніколі не былі пазначаныя кантакты. Базы утрымліваюць толькі нікнэйм і id-акаунта без аніякіх іншых звестак.
Мацвей Купрэйчык кажа, што парсінгавую праграму можна набыць за невялікую суму. Па запросе ў Google прапануюць і за 500 расейскіх рублёў, і за $200.
«Сапраўды, былі сабраныя адкрытыя дадзеныя, – кажа Мацвей Купрэйчык. – А праграма – гэта не нейкая новая тэхналогія і прадаецца нават не ў дакрнэце. Звесткі, якія яны цяпер паказваюць, даўно былі сабраныя ААЦ і КДБ. У гэтым на сам рэч няма нічога складанага. Калі я навучаўся на праграміста ў БДУІР, такія праграмы пісаліся на трэці месяц навучання», – кажа Мацвей Купрэйчык.
Купрэйчык і Стрыжак лічаць, што цяпер адбываецца інфармацыйна-псіхалагічная аперацыя (ІПСА), каб запужаць беларусаў.
«Можна абсалютна проста назапасіць гэтую інфармацыю, а потым хадзіць і кашмарыць людзей. Ніякіх звыштэхналогій, прарыўных кітайскіх сістэм сачэння тут не выкарыстоўвалася. Сілавікі ў чарговы раз паказалі, што любяць рабіць нешта прымітыўнае і выдаваць за маштабныя расследаванні», – кажа Андрэй Стрыжак.
Што рабіць, каб засцерагчыся?

Андрэй Стрыжак кажа, што чалавек унутры краіны, які адкрыта падпісаны на нейкі экстрэмістскі матэрыял, у зоне рызыкі. Яму пагражае мінімум адміністрацыйны арышт або штраф. Прадстаўнік «BELPOL» раіць:
1. Выдаліць акаўнт Telegram і стварыць новы, прыладу ўсталяваць згодна з інструкцыяй «Кіберпартызанаў». «Кіберпартызаны» раяць таксама пачысціць усе падпіскі і лайкі з каментарамі перад выдаленнем акаўнту ў Instagram, як і перапіскі ў Telegram.
2. Калі вы знаходзіцеся ў бяспецы за мяжой, карыстаецеся замежным нумарам тэлефона і паставілі сабе па пошце і ў сацсетках двухфактарную аўтэнтыфікацыю, то вам нічога не пагражае. Але сілавікі будуць ведаць, што ваш акаўнт на нешта падпісаны, ставіць лайкі ці каментуе. Калі раней акаўнт быў падпісаны вашым імем з вашымі звесткамі, і вы хацелі б прыватнасці, то варта завесці новы.
3. Калі вы ў Беларусі, то трэба змяніць усё – выдаліць акаўнты і адкрыць новыя на новыя сімкарты. Пажадана набыць новы тэлефон. Стары тэлефон Купрэйчык рэкамендуе знішчыць.
Усе суразмоўцы «Белсату» кажуць, што ў кожнага ў Беларусі мусіць быць ананімны акаўнт у сацсетках, каб чытаць свае ўлюбёныя рэсурсы. Стрыжак увогуле раіць мець два тэлефоны. Адзін, каб хадзіць па вуліцы, другі – каб чытаць забароненае, але не падпісвацца.
Купрэйчык на заканчэнне раіць дбаць аб кібербяспецы і не весціся на ІПСА.
«Парсінг – гэта вельмі проста, а яны зараз раздуваюць, што некага ўзламалі, нейкія базы знайшлі, а па-факце, гэта поўная брахня. У гэтым тэлеграм-канале пішуць, што ўзламаныя яшчэ і базы “Голаса”, але яны нібыта не паспелі іх спампаваць. Гэта трызненне, бо мы ведаем, што “Голас” зусім інакш працаваў, усе звесткі ў зашыфраваным выглядзе. Каб іх расшыфраваць спатрэбяцца нават не месяцы і гады, а стагоддзі», – падводзіць рысу Мацвей Купрэйчык.
«Кіберпартызаны» адзначаюць, што нават пры выканні мераў бяспекі цяпер, у сілавікоў могуць з’явіцца да вас пытанні, бо частка асабістых звестак усё ж ім вядомая.
Арсен Рудэнка belsat.eu