У тым, што два з пяці маладых беларусаў хоча пакінуць радзіму, Ціханоўская вінаваціць палітыку рэжыму Лукашэнкі, якая абмяжоўвае адукацыю і самарэалізацыю моладзі.
Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская паведаміла ў сацсетках, што 39,3 % беларускай моладзі плануе ці жадае пакінуць Беларусь.
Ціханоўская сцвярджае, што «гэтая лічба – вынік палітыкі рэжыму, дзе магчымасці для сучаснай адукацыі вельмі абмежаваныя, а стварэнне ўмоваў для самарэалізацыя моладзі не з’яўляецца важным прыярытэтам і не падтрымліваецца». У вольнай Беларусі, абяцае яна, будзе палепшаная сістэма адукацыі, будуць падтрыманыя стартапы, стыпендыі і магчымасці стажавання, а Беларусь «стане месцам, дзе хочацца жыць, ствараць і развівацца».
Крыніца гэтай статыстыкі не прыведзеная. Цікава, што такія самыя лічбы – 39,3 % – нядаўна называлі ў дзяржаўным апытанні, але як адказ на іншае пытанне: столькі працоўных менчукоў хацелі б працаваць толькі да 40–55 гадоў, калі верыць дзяржаўнаму Інстытуту сацыялогіі.
Раней Ціханоўская паведамляла, што з 2020 года Беларусь пакінулі як мінімум 600 тысяч чалавек. Іншыя крыніцы называлі розныя блізкія лічбы: гаворка пра сотні тысяч чалавек, якія пакінулі Беларусь. З выцеклай статыстыкі водазабеспячэння вынікае, што ў Беларусі на лістапад 2024 года заставалася каля 8,78 млн жыхароў – на амаль 400 тысяч менш за афіцыйную статыстыку.
У Літве на 1 студзеня 2025 года жыла 57 511 беларусаў, паведамляе тамтэйшы Дэпартамент міграцыі. У Польшчы на 31 ліпеня 2024 года жылі звыш 134 тысяч беларусаў, а за ўвесь мінулы год 48 тысяч беларусаў падалі заявы на атрыманне віду на жыхарства ў Польшчы, 42 тысячы атрымалі.
Алесь Наваборскі belsat.eu