Выданне «Politico» здабыла ад «BELPOL» запісы размоваў, якія тычыліся штучнага стварэння міграцыйнага крызісу на межах Беларусі з дзяржавамі Еўразвязу. Праект «Вот Так» паразмаўляў з журналісткай, якая праслухала і пераказала тыя размовы.
Еўрапейская версія выдання «Politico» апублікавала 23 студзеня матэрыял пра арганізацыю міграцыйнага крызісу і перамовы беларускіх сілавікоў на гэтую тэму. Гэты матэрыял трапіў на перадавіцу друкаванага выдання (PDF). Хоць раней публікавалі нямала доказаў датычнасці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да штучнага стварэння крызісу, у матэрыяле «Politico» можна пачуць і пачытаць, што кажуць непасрэдныя арганізатары крызісу, які пачалі рыхтаваць яшчэ ў снежні 2020 года.
Напрыклад, у першай размове, запісанай у траўні 2021 года, намеснік начальніка крымінальнага вышуку Менскай вобласці Ігар Качалаў паведамляе намесніку начальніка ГУБАЗіК Міхаілу Бедункевічу, што два футбалісты з Афрыкі, якія прыехалі на навучанне ў Лагойск, «звінцілі» ў невядомым напрамку. Бедункевіч кажа, што «зразумеў тэму»:
,,«Глядзіце: як бы асабіста была каманда міністрам пастаўленая, – сказаў Бедункевіч Качалаву. – Глядзіце, так… Ведаеце гэтую тэму? Не займацца міграцыяй, якая ідзе транзітам у Еўропу. Прапалі – ну, прапалі, слава Богу. Абы б яны не тут легалізоўваліся».
«Усё, што ёсць туды, трэба як бы…» – пачынае думку Бедункевіч.
«Зразумеў, аказваць дапамогу», – кажа Качалаў.
«Не дапамогу, але не перашкаджаць, – папраўляе Бедункевіч. – Нам „паўзу“ сказалі».
Выданне «Politico» перакананае, што здабытыя размовы і іншыя дакументы, а таксама інтэрв’ю з былымі і дзейнымі сілавікамі паказваюць, як улады Беларусі спрыялі спробам мігрантаў нелегальна трапіць у Еўразвяз і як выкарыстоўвалі мігрантаў у якасці гібрыднай зброі. Як сказаў выданню дзейны беларускі памежнік, «гэта відавочна, што гэта помста Лукашэнкі за ўвядзенне санкцыяў» і «гэта будзе працягвацца, пакуль Еўразвяз будзе рэагаваць на ўсе жахі ў Беларусі».
Схема была зладжаная так. У краінах паходжання мігрантаў, як то ў Іраку, публікавалі рэкламу тураў у Беларусь. Калі патэнцыйныя мігранты адгукаліся, беларускія тураператары «Цэнтркурорт» і «Оскартур» звярталіся ў Міністэрства замежных справаў Беларусі з просьбамі аб кароткатэрміновых візах з мэтамі турызму, палявання, лекавання, бізнес-паездак. Некаторым мігрантам неафіцыйна абяцалі «лёгкую дарогу» ў Еўразвяз. Калі мігранты плацілі ад 6 да 15 тысяч долараў, іх дастаўлялі ў Беларусь самалётамі «Белавія», а таксама авіякампаніяў кшталту «Fly Baghdad» і «Iraqi Airways». Па прыбыцці ім ставілі беларускія візы і сялілі ў гатэлі Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. І нават сапраўды вазілі на экскурсіі. «Politico» апублікавала дакументы пра кожны з гэтых этапаў – нават фота падарожжаў «турыстаў».
Дырэктар «Оскартуру» Дзмітрый Корабаў у апублікаваным тэлефанаванні казаў, што «вельмі шмат курдаў прыцягнулі», яны «без торбаў, без нічога наогул» – і смяяўся, што «абы квіткі куплялі», нават калі «назад паўпусты самалёт паляціць». У іншым тэлефанаванні ён расказаў, што «турысты» пазбаўляюцца сваіх дакументаў, каб іх немагчыма было ідэнтыфікаваць. У яшчэ адным расказваў, што мігрантаў трымаюць «пад замком» без пашпартоў і тэлефонаў, «іх толькі кормяць».
Схема выдатна працавала да чэрвеня 2021 года, пакуль пра яе не сталі пісаць у заходніх медыях. У сярэдзіне чэрвеня-2021 намеснік дырэктара «Цэнтркурорту» Аляксей Стрэльчанка тэлефанаваў Корабаву і пытаў: калі давядзецца даваць тлумачэнні на ўрадавым узроўні, то казаць, што ў іх былі толькі адзінкавыя выпадкі, а ў асноўным «колькі ўехала, столькі выехала»? Яны абмяркоўваюць, пра што інфармаваць іхных «заснавальнікаў». З іншай размовы Стрэльчанкі становіцца зразумела, што куратар праекту – першы намеснік кіраўніка Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Мікалай Селіванаў.

Пасля таго, як схема была выкрытая. «Цэнтркурорт» і «Оскартур» дамовіліся, каб пераключыць афармленне візаў на прыватную кампанію. У яшчэ адным тэлефанаванні ў чэрвені-2021 Корабаў тлумачыў, што «было шмат навінаў, што „Цэнтркурорт“ возіць шмат нелегалаў», таму «паступіла ўказанне зверху гэтую працу спыніць». Давялося перапрацоўваць схему: Корабаў наракаў, што «любы пралаз шукаем, але цяжка». Прасіць візы для мігрантаў у выніку сталі «Сайдон Тур» і «Берагавая зорка» (пазней перайменаваная ў «World Travel». Нярэдка мігрантаў скіроўвалі ў Маскву і Санкт-Пецярбург быццам бы для вучобы, а ўжо адтуль – у Беларусь.
Схема эвалюцыянавала: спачатку была дырэктыва не дапамагаць мігрантам і не караць іх, але восенню 2021-га ўлады Беларусі сталі не толькі прымаць «турыстаў», але і скіроўваць іх: на відэа польскіх памежнікаў траплялі моманты, калі беларускія памежнікі суправаджалі мігрантаў пад самую мяжу. Беларускі памежнік расказаў, што восенню 2021-га памежнікі атрымалі новыя інструкцыі: былі выбраныя некалькі чалавек, якія забяспечвалі бесперашкодны праход мігрантаў і суправаджалі іх да мяжы, а таксама праводзілі «інфармаванне» рэшты памежнікаў, каб тыя не рабілі лішніх дзеянняў.
Іншы памежнік згадаў, як яго здзівіла арганізаванасць групаў мігрантаў. Тых сталі дастаўляць да мяжы на прыватных машынах. Там іх сустракалі супрацоўнікі Асобнай службы актыўных мерапрыемстваў (АСАМ). З дапамогай памежнікаў мігрантаў сталі скіроўваць на выбраныя ўчасткі мяжы, на якіх трэба было спрабаваць прарвацца.
Калі схему адпрацавалі, групы ад 5 да 15 чалавек сталі суправаджаць некалькі чалавек ва ўніформах, мігрантам сталі даваць лесвіцы і нажніцы па метале, у мігрантаў з’явілася якасная зімовая вопратка. Калі мігрантаў заўважалі памежнікі з Латвіі, Літвы ці Польшчы, мігранты адступалі назад у лес для атрымання інструкцыяў. Калі некалькі спробаў прарвацца правальваліся, тактыку мянялі: адна група адцягвала ўвагу, меншыя групы спрабавалі перайсці на ўчастках са слабейшай аховай. Калі знясіленыя мігранты спрабавалі вярнуцца назад у беларускім напрамку, іх затрымлівалі і, паводле памежніка, «абыходзіліся з імі, як з жывёламі», а ў выніку цягнулі назад на мяжу.
На сёння перайшлі да ідэі «якасці замест колькасці»: памежнік расказаў, што цяпер над перапраўкай мігрантаў працуе каманда падтрымкі і каманда дыверсіяў, дасведчаныя інструктары. Любая крытычная палітычная заява ў боку Латвіі, Літвы і Польшчы азначае неадкладнае павелічэнне плыні мігрантаў. Каб такога дасягнуць, мігрантам не даюць «рассейвацца» па Беларусі.
Стаўленне да чалавечага жыцця абуральнае
Матэрыял для «Politico» падрыхтавала беларуская журналістка Таццяна Ашуркевіч. Яна расказала ў эфіры «Вот Так», што разбірала дакументы і слухала «злітыя» тэлефанаванні два з паловай месяцы. І тэлефанаванні навялі на яе «самы вялікі жах»: у арганізацыі міграцыйнага крызісу ўдзельнічала вельмі шмат людзей і арганізацыяў, і яны не клапаціліся пра людзей, якімі кіруюць.
,,«Жахліва чуць, што гэта настолькі пастаўленае на паток і так шмат [ролі] выконваюць грошы, і так мала выконвае чалавечае жыццё, – расказвае журналістка. – Не толькі для Лукашэнкі».
«Здавалася б, у ягоным выпадку ўжо зразумела: ад яго не чакаеш нічога добрага ўжо. Але людзі, якія займаюць пасады нашмат меншыя, проста шараговыя супрацоўнікі турфірмаў, у якіх успрыманне такое, гэта тое, што мяне сапраўды жахнула».
Мігранты не толькі аддавалі апошнія грошы – некаторыя паміралі на мяжы. Журналістку асабліва абурыла тое, як удзельнікі схемы абмяркоўвалі, колькі грошай атрымаюць з мігрантаў. Схема была выгаднай шматлікім людзям на розных узроўнях, і яе абмяркоўвалі фразамі накшталт «нам-то пофіг, галоўнае, каб яны квіткі куплялі».
Ашуркевіч спачатку думала даваць менш матэрыялу, але вырашыла «паказаць гэты жах цалкам», з аўдыязапісамі і дэталямі таго, як выкарыстоўваюць мігрантаў. Апублікаваныя былі не ўсе матэрыялы – журналістка мае запісы размоваў, якія доўжыліся і па 10–15 хвілін, і іншыя дакументы. Такі масіў звестак, упэўненая яна, немагчыма падрабіць.
Алесь Наваборскі belsat.eu