Фонд «Tutaka» і Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку ладзяць IV Дэкламатарскі конкурс да Дня роднай мовы. Да ўдзелу запрашаюцца аматары беларускай літаратуры, якія любяць дэкламаваць і хочуць пазмагацца за перамогу ў найлепшым выкананні вершу ці празаічнай часткі твору.
Галоўная мэта конкурсу – абудзіць цікавасць беларусаў ува ўсім свеце да беларускай культуры, гісторыі, літаратуры і паказаць запатрабаванасць у адчуванні сябе беларусамі і далучэнні да беларускамоўнага асяроддзя.
Конкурс пройдзе за два этапы:
- удзельнікі дасылаюць відэа з вершам і анкетаю да 31 студзеня 2025 года на адрас konkurs@tutaka.org праз гугл-форму, да 10 лютага журы назаве ўдзельнікаў, якія пройдуць у другі этап;
- фінал конкурсу ў Тэатры лялек (Беласток) 21 лютага 2025 года: удзельнікі, якія пройдуць у фінал, будуць запрошаныя арганізатарамі конкурсу ў Беласток, каб вызначыць пераможцаў. Існуе магчымасць выступіць у фінале ў фармаце онлайн. Квіткі ад месца пражывання да месца правядзення фіналу конкурсу, а таксама пражыванне фіналістаў у Беластоку арганізатарамі не аплачваюцца.
У конкурсе могуць браць удзел выключна непрафесійныя дэкламатары.
Конкурс будзе праходзіць у чатырох узроставых катэгорыях:
- дзеці ад 5 да 8 гадоў,
- дзеці ад 9 да 12 гадоў,
- моладзь ад 13 да 17 гадоў,
- дарослыя ад 18 гадоў,
- адмысловая катэгорыя – «мастацкае відэа». Ролік павінен быць створаны на падставе твору беларускай паэзіі ці прозы, які мусць быць змешчаны ў відэашэрагу, агучцы ці іншых мастацкіх сродках.
Рэпертуар удзельніка конкурсу складаецца з аднаго відэароліку / вершу / сэнсоўнай часткі паэмы ці празаічнага твору / часткі твору, не даўжэйшы за 3,5 хвіліны, абавязкова на беларускай мове (літаратурны і дыялектныя варыянты).
Кваліфікаванае журы ацэніць дэкламатараў паводле наступных крытэраў:
- падбор рэпертуару (мастацкая каштоўнасць твораў і выканальніцкія здольнасці дэкламатараў),
- тэхніка і выразнасць вымаўлення,
- агульная мастацкая выразнасць,
- у катэгорыі «мастацкае відэа» пад увагу будуць прымацца крэатыўнасць, якасць мантажу і аператарскай працы.
У кожнай катэгорыі ў фінале будуць абраныя па тры пераможцы (1-е, 2-е і 3-е месцы адпаведна). За перамогу прадугледжаныя грашовыя ўзнагароды: 450 злотых, 350 злотых і 250 злотых.
Тэлеканал «Белсат» выступае медыяпатронам конкурсу.
Марыя Міхалевіч belsat.eu