На асабістую просьбу старшыні КДБ Івана Церцеля да міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча для супрацоўнікаў спецслужбаў пачалі будаваць элітны медычны цэнтр.
Згодна з дакументамі «BELPOL» і «Digital intelligence team», будаўніцтва медычнага цэнтру пачалося ў красавіку 2024 года на Макаёнка 13 у Менску. Фінансаванне праекту ажыццяўляецца за кошт «спонсарскіх сродкаў», крыніцу якіх трэба яшчэ высветліць. А таксама са шматлікімі парушэннямі дзяржаўных закупаў.
Агульны кошт будынку склаў каля 9,67 мільёна долараў, а абсталяванне цэнтру абышлося яшчэ ў 6,38 мільёна долараў, і гэта без уліку кошту мэблі брэнду «SofaClub Avalon», дзе адное крэсла каштуе не менш за 1,3 тысячы долараў.
«Узводзіць сучасныя медычныя цэнтры для сілавікоў і іхных сем'яў у краіне з разбуранай сістэмай аховы здароўя – гэта чарговы ўдар па беларускім грамадстве. Гэты праект дэманструе, што рэжыму Лукашэнкі больш важна ўмацоўваць апору сваёй улады, чымся развязваць надзённыя праблемы грамадзянаў. Звычайныя беларусы застаюцца на ўзбочыне, у той час як абраная эліта атрымлівае асалоду ад дабротаў, створаных за чужы кошт», – адзначаюць расследавальнікі.
Завяршыць медычны цэнтр планавалася да снежня, але навагоднія мары тысячаў сілавікоў не спраўдзіліся: будынак усё яшчэ не дабудавалі.
Тэса Анэйда belsat.eu