навіны

Імаверная прычына росту гепатыту А ў Беларусі – замежная ежа

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com
podpis źródła zdjęcia

За першыя 6 месяцаў 2024 года захворванне на вірусны гепатыт А ў Беларусі павялічылася ў 7,5 раза, і гэты паказнік можа быць яшчэ вышэйшым па выніках года. Адкуль мог прыйсці вірус? Імаверны адказ на гэтае пытанне знайшоўся ў нечаканым месцы.

«Белыя халаты» знайшлі цікавую інфармацыю ў матэрыялах да адной з расейскіх медычных канферэнцыяў. У адным з артыкулаў маладых навукоўцаў «Вірусныя інфекцыі – ад дыягностыкі да клінікі» напісана, што апошнія 5 гадоў заражэнне вірусам гепатыту А адбывалася часцей праз заражаныя прадукты харчавання (24,3 %) і кантактна-бытавым шляхам (21,5 %), радзей інфекцыя распаўсюджвалася водным шляхам (6,1 %).


«Атрыманыя вынікі дазваляюць выказаць здагадку пра высокую імавернасць заносу на тэрыторыю Беларусі ўзбуджальніка захворвання, што назіраецца ў 2024 годзе. Гэта можа быць звязана з ужываннем прадукцыі, імпартаванай з краінаў блізкаўсходняга і афрыканскага рэгіёнаў, дзе ён распаўсюджаны», – напісана ў артыкуле.


Часцей за ўсё гэта садавіна. Прынамсі, у ЕЗ ёсць кейсы, што дэманструюць магчымасць такога развіцця падзеяў. Напрыклад, 4 сакавіка 2024 года партовы кантроль Іспаніі скіраваў праз Сістэму хуткага апавяшчэння ў пытаннях прадуктаў харчавання і кармоў (RASFF) папярэджанне пра наяўнасць забруджвання вірусам гепатыту А клубніцаў з Марока, класіфікаваўшы рызыку для здароўя еўрапейскіх спажыўцоў як «сур’ёзная». Гэтыя клубніцы маглі быць забруджаныя пры паліве пасеваў сцёкавымі водамі, што супярэчыць стандартам якасці, усталяваным Рэгламентам ЕЗ. Або клубніцы маглі быць забруджаныя на этапе апрацоўвання людзьмі.


«Мы ўпэўненыя, што палітыка Міністэрства аховы здароўя, скіраваная на замоўчванне праблемаў і ўтойванне шматлікіх фактаў ад беларусаў і беларусак, у выніку прыводзіць да таго, што людзі, перабываючы ў няведанні, не могуць своечасова абараніцца ад патэнцыйнай небяспекі», – адзначаюць «Белыя халаты».


Нагадаем, летась у Беларусі адбыўся рэзкі ўздым захворвальнасці на гепатыт А – запаленчае захворванне печані. Вірус распаўсюджваецца галоўным чынам праз харчовыя прадукты ці ваду. У адрозненне ад гепатытаў B і C, гепатыт А не выклікае хранічных захворванняў печані, але можа суправаджацца цяжкімі сімптомамі і прыводзіць, у тым ліку, да лятальнага канца. 


Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10