навіны

Прапагандыстка на БТ дапытала Верамейчыка і даадказала за яго на некаторыя пытанні

Людміла Гладкая і Васіль Верамейчык. Скрыншот з траснляцыі «Беларусь 1»
Людміла Гладкая і Васіль Верамейчык. Скрыншот з траснляцыі «Беларусь 1»
podpis źródła zdjęcia

Беларуская прапаганда 22 студзеня паказала фільм пра былога беларускага добраахвотніка Палка імя Кастуся Каліноўскага Васіля Верамейчыка, які ваяваў супраць расейскіх войскаў ва Украіне, але ў канцы 2024 года быў затрыманы ў В’етнаме і перададзены ў Менск. Перадачу на БТ вяла і з затрыманым размаўляла прапагандыстка Людміла Гладкая.

Ваяра Васіля Верамейчыка ў сюжэце назвалі баевіком тэрарыстычнай арганізацыі, а прапагандыстку Людмілу Гладкую – журналісткаю. Сюжэт, які выйшаў напярэдадні «выбараў», разбіты на дзве часткі па 15 хвілінаў. Наступную плануюць паказваць 23 студзеня. Згодна з праграмаю тэлебачання «Беларусь 1», выданне мела рэйтынг 12+, але гэта не замінала прапагандыстам паказваць у эфіры здымкі забітых беларусаў, нават незаблюранымі.

Здымкі адбываліся ў шматпавярховіку ў Менску. За спінаю прапагандысткі ў акне паказваўся палац Незалежнасці. Верамейчык, якога называюць баевіком і тэрарыстам, сядзеў у цывільнай вопратцы, насупраць яго – праз стол – сядзела з тэлефонам Гладкая.

Вядоўца хутчэй дапытвала, чымся вяла інтэрв’ю. Пры гэтым яна часта задавала пытанні, якія ўжо мелі вызначаны адказ, прасіла называць імёны, пыталася пра канкрэтныя краіны, якія дапамагаюць у навучанні беларускім добраахвотнікам і плануюць «напад» на Беларусь. Напрыклад, Гладкая казала, што вызваляючы Беларусь ад улады Аляксандра Лукашэнкі, добраахвотнікі нібыта будуць «прыкрывацца мірнымі людзьмі» і не будуць з імі «цырымоніцца».

Людміла Гладкая. Скрыншот з траснляцыі «Беларусь 1»
Людміла Гладкая. Скрыншот з траснляцыі «Беларусь 1»
Аляксандр Вальфовіч. Фота: sb.by

Вальфовіч: Дэмсілы рыхтуюцца вызваліць адзін з раёнаў Беларусі і запрасіць міратворцаў

навіны

Пры гэтым Верамейчык практычна не паддаваўся на правакацыі Гладкай, калі не разглядаць некаторых момантаў, дзе прынамсі месцамі ўжываўся мантаж паміж пытаннямі і адказамі. Святлану Ціханоўскую ён называў законнай уладай і дэмакратычна абранай лідаркай. Таксама ён адзначыў, што праз полк Каліноўскага за ўвесь час прайшлі больш за 1000 беларусаў.

Як плануецца вызваляць Беларусь

Значны кавалак размовы быў прысвечаны планам вызвалення Беларусі ад уладаў Лукашэнкі. Пры гэтым Верамейчык не сказаў нічога новага, чаго б раней не казалі сілавікі, як старшыня КДБ Іван Церцель або дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч.

Паводле Верамейчыка, ён ведае толькі пра адкрытую частку планаў вызвалення Беларусі, але нічога не ведае пра «сакрэтныя пратаколы гэтай стратэгіі, дзе ўжо пералічваюцца канкрэтныя захады, варыянты развіцця падзеяў».

,,

«Сутнасць даволі простая: узброенымі сіламі заняць пэўную тэрыторыю Беларусі, абвясціць, што яна вызваленая, запрасіць на гэтую тэрыторыю законных прадстаўнікоў, дэмакратычныя сілы, Ціханоўская, [Павел] Латушка, а пасля звярнуцца да краінаў, да суседзяў, да той жа Польшчы, да Украіны па дапамогу і падтрыманне», – сказаў ён.


Паводле Васіля, для гэтых мэтаў ужо нават падрыхтаваныя запасы формаў беларускіх сілавікоў. Верамейчык таксама адзначыў, што на вызваленую тэрыторыю – у Маларыту – планавалася запрасіць замежныя медыі і прывезці гуманітарную дапамогу мясцовым жыхарам, а таксама заклікаць замежнікаў далучацца добраахвотнікамі да вызвалення Беларусі.

Гісторыя Васіля Верамейчыка

Васіль Верамейчык быў затрыманы 13 лістапада 2024 года ў В’етнаме. Але медыям пра гэта сталася вядома толькі 20 лістапада. У той жа дзень лукашэнкаўская прапаганда выпусціла першы фільм з затрыманым. Як выявілася, Верамейчыка даставілі ў Менск ужо наступным днём пасля затрымання.

Беларус з 2022 года добраахвотнікам абараняў Украіну. Ветэран Аляксандр Клачко казаў, што ваяр з’ехаў з Украіны пасля смерці Івана Марчука Брэста. Затым спрабаваў вярнуцца, але не здолеў, бо, паводле самога Верамейчыка, яму забаранілі ўезд у краіну. Ён думаў, што былое кіраўніцтва палка Каліноўскага мела з ім канфлікт і праз свае сувязі дамаглося забароны на ўезд.

Васіль Верамейчык. Скрыншот з траснляцыі «Беларусь 1»
Васіль Верамейчык. Скрыншот з траснляцыі «Беларусь 1»

Жонка Верамейчыка Яўгенія заявіла ў эфіры «Белсату», што зліў ліставання прадстаўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнай бяспекі Вадзіма Кабанчука пацвярджае тое, што ейнаму мужу забаранілі ўезд ва Украіну ў выніку ўпярэджанага стаўлення былога кіраўніцтва палка, у тым ліку Кабанчука, а не з аб’ектыўных прычынаў. Кабанчук адзначае, што не мае дачынення да забароны на ўезд Верамейчыка ва Украіну.

Верамейчык прыехаў у Літву, але там яму забаранілі заставацца ў Еўразвязе. Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі краіны прыйшоў да высновы, што «перабыванне гэтай асобы ў Літве ўяўляла б пагрозу нацыянальнай бяспецы» – раней ён быў афіцэрам беларускай арміі. Пры гэтым у Вільні ў Верамейчыка засталіся жонка і 12-гадовая дачка.

,,

«Мой розум не ўспрымае, як чалавек, які ваюе супраць рэжыму Пуціна на фронце ва Украіне, можа пагражаць нашай нацыянальнай бяспецы», – адзначаў літоўскі вайсковы інструктар Рымас Армайціс, які бараніў Украіну ў складзе палка імя Кастуся Каліноўскага.


Васіль Верамейчык. Фота: Vasil Veramejchyk / Facebook

Як спрабуюць ратаваць Верамейчыка: «праца вядзецца на ўзроўні, які не варта агалошваць»

навіны

Верамейчык пакінуў Літву ў траўні 2023 года, пасля чаго пераехаў у Грузію, а ў студзені 2024-га – у В’етнам. Кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак заяўляў, што Верамейчык звяртаўся па дапамогу, калі яго прызналі «пагрозаю нацыянальнай бяспецы» ў Літве, выканаў першую інструкцыю пра пераезд у Грузію і атрымаў алгарытмы далейшых дзеянняў для легалізацыі ў Еўразвязе, але пасля гэтага перастаў выходзіць на сувязь.

Паведамлялася, што ў кастрычніку 2024 года Васіль спрабаваў атрымаць прытулак у Польшчы, для чаго прыляцеў у Варшаву рэйсам са Стамбулу. Але пасля таго як яму сказалі, што давядзецца каля трох месяцаў правесці ў прытулку для мігрантаў, вылецеў назад.

Журналіст Зміцер Панкавец, які называе Верамейчыка сваім самым блізкім сябрам, казаў, што былы ваяр хацеў жыць у В’етнаме, бо «прыкіпеў да гэтай краіны, кайфаваў ад яе і хацеў заставацца там назаўсёды». Аднак набліжаўся канец тэрміну дзеяння пашпарта, і Верамейчык пасля няўдалай спробы трапіць у Польшчу планаваў ляцець у Малдову, каб прасіць прытулку там.

,,

«Васіль быў даведзены да адчаю гэтай еўрапейскай бюракратыяй. У адной з нашых апошніх размоваў ён шчыра казаў: “Я ў такой задніцы, і не ўяўляю, як з яе выбрацца. Я вельмі стаміўся ад гэтай нявызначанасці”», – заяўляў Панкавец.


З крытыкай экстрадыцыі Верамейчыка ў Менск выступалі Офіс Святланы Ціханоўскай і Каардынацыйная рада, чальцом якой застаецца ваяр. 27 лістапада праваабаронцы прызналі былога добраахвотніка палітычным вязнем. А фонд салідарнасці «BYSOL» сабраў на адвакатаў і перадачы для Верамейчыка 8115 еўраў. Беларускія добраахвотнікі і прадстаўнік АПК Кабанчук заяўляюць, што кантактуюць з ГУР Украіны ў пытанні вызвалення з Беларусі ваяра. Ёсць і кантакты «на ўзроўні, якога не варта агучваць». Пытанне вызвалення Верамейчыка ўздымалася і на міжнародных сустрэчах Ціханоўскай.

У Беларусі Вярхоўны Суд прызнаў полк Каліноўскага і яго структуры – батальёны «Волат», «Літвін», «Western», БПЛА імя Мікіты Крыўцова, атрады «Атам», «Танга-Рамэа», мабілізацыйны цэнтр фонду «Беларускі дом у Варшаве» і рух «Каліноўцы» – «тэрарыстычнай арганізацыяй».

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10