На волі пенсіянерка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Стахейка. Яна выйшла з-за кратаў праз так званае памілаванне, паведамляе праваабаронца і стваральніца ініцыятывы «Палітвязынка» Яўгенія Доўгая.
Алена Стахейка выкладала ў баранавіцкай школе № 14. Ейныя вучні атрымлівалі прызавыя дыпломы на агульнанацыянальных алімпіядах і 100 балаў на цэнтралізаваным тэставанні. Пра гэта пісала мясцовая дзяржаўная прэса. Алена – аўтарка сцэнарыяў для фестываляў беларускай песні, метадычных дапаможнікаў і зборнікаў тэстаў.
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», яе асудзілі 11 красавіка 2024 года за нібыта «арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх» (арт. 342 КК).
Алена і яшчэ восем жыхароў Баранавічаў у 2020 годзе нібыта «выкрыквалі лозунгі, дэманстравалі палотнішчы бел-чырвона-белага колеру, перашкаджалі руху транспартных сродкаў і нармальнаму функцыянаванню прадпрыемстваў і арганізацыяў».
Апошнім разам праз «памілаванне» ў Беларусі былі вызваленыя 23 асобы ў адпаведнасці з указам ад 18 студзеня.
Станам на 22 студзеня ў турмах Беларусі несправядліва застаюцца сама меней 1254 асобы.
Арсен Рудэнка belsat.eu