навіны

БАЖ: Пастанова Трампа можа прынесці страты беларускаму незалежнаму медыярынку

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Свабода
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Свабода
podpis źródła zdjęcia

Прэзідэнт Злучаных Штатаў Доналд Трамп падпісаў указ аб прыпыненні ўсіх праграмаў дапамогі ЗША іншым краінам на 90 дзён. Не сакрэт, што шмат якія беларускія незалежныя СМІ ў выгнанні працуюць з падтрыманнем амерыканскага ўраду. Як гэтая пастанова паўплывае на іх лёс? Пра гэта паразмаўлялі з намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барысам Гарэцкім. 

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп трымае ліст, які былы прэзідэнт Джо Байдэн пакінуў яму на стале, падчас падпісвання шэрагу выканаўчых актаў у Авальным кабінеце Белага дома. Вашынгтон, акруга Калумбія, ЗША. 20 студзеня 2025 года. Фота: Evan Vucci / AP Photo / East News

Першыя ўказы Трампа мяняюць курс амерыканскай дзяржавы. Што ад гэтага беларусам

Аналітыка

Што зменіцца

Сапраўды, адзначае Барыс Гарэцкі, шэраг беларускіх медыяў сёння атрымлівае амерыканскае падтрыманне. Але, падкрэсліў суразмоўца, варта адзначыць, што гэтае падтрыманне паступае не толькі з дзяржаўнага бюджэту ЗША, але і з розных амерыканскіх фондаў, і не ўсе яны падпарадкоўваюцца пастанове Трампа і не ўсе яны спыняць ці спынілі сваю дапамогу.

Барыс Гарэцкі адзначыў, што пасля вымушанай рэлакацыі і прызнання «экстрэмісцкімі фармаваннямі» большасць беларускіх медыяў працуе паводле грантавай мадэлі.

«Даходы ад рэкламы складаюць невялікую долю бюджэтаў медыяў, бо, і гэта абсалютна зразумела, мала хто захоча рэкламавацца ў "экстрэмісцкім фармаванні". Хаця невялікую долю рэкламнага даходу медыі маюць», – кажа суразмоўца.

Асноўная частка фінансавання – гэта гранты або данаты ад прыватных асобаў, і ў гэтым «кашалі», адзначае намеснік старшыні БАЖ, безумоўна, ёсць амерыканская частка, што ідзе з дзяржаўных фондаў або праграмаў, якія фінансуюцца амерыканскай дзяржаваю. Выглядае, менавіта яны і будуць прыпыненыя.

З іншага боку, шэраг фондаў і праграмаў падтрымання, што не маюць дзяржаўнай крыніцы і «не падпарадкоўваюцца Сенату, Капітолію, Трампу», хутчэй за ўсё, працягнуць сваю працу.

Барыс Гарэцкі нагадаў, што восенню мінулага года ў Вільні быў адкрыты офіс амерыканскага агенцтва ў дапамозе Беларусі (USAID), праз які, планавалася, будзе павялічвацца падтрыманне для беларускіх праектаў, медыяпраектаў у тым ліку.

Папярэдняй адміністрацыяй Джо Байдэна, кажа Гарэцкі, былі ўкладзеныя вялікія рэсурсы і зробленыя вялікія намаганні, каб узмацніць працу ў беларускім кірунку. Для работнікаў, фундатараў і тых, хто ствараў гэтую сістэму і працуе ў ёй сёння, стварэнне такой сістэмы – вельмі вялікае дасягненне, таму яны будуць рабіць усё магчымае, упэўнены суразмоўца, каб такая дапамога для Беларусі не скарацілася.

,,

«Проста таму, што падтрыманне Беларусі сапраўды мае высокую эфектыўнасць. Калі паглядзець на медыйныя праекты, мы бачым, што кожны долар, укладзены ў беларускія медыяпрадукты, звычайна вельмі моцна сябе акупляе, і ўсе праекты, што фінансуюцца Злучанымі Штатамі, маюць вельмі сур’ёзную справаздачнасць, і медыі там заўсёды дэманструюць вельмі высокія паказнікі», – кажа Барыс Гарэцкі. 


Такім чынам, рэзюмуе суразмоўца, беларускія праекты для Амерыкі – гэта хутчэй гісторыя поспеху, калі сродкі сапраўды працуюць для данясення праўдзівай інфармацыі ўнутр Беларусі. А з другога боку, трэба ўлічваць непрадказальнасць Трампа і разумець, што пэўныя абмежаванні могуць быць накладзеныя, што прывядзе да таго, што незалежныя медыі сапраўды недалічацца істотных сродкаў.

Ці магчымы пазітыўны сцэнар

Ва ўказе прэзідэнта ЗША робіцца акцэнт на тым, што будзе праведзенае правяранне, ці наданне дапамогі адпавядае мэтам новай амерыканскай адміністрацыі. Але ці можа быць так, што Доналд Трамп вызначыць важнай «беларускую тэму» і пасля такога перагляду, наадварот, колькасць скіраваных у беларускую незалежную прэсу сродкаў павялічыцца?


На думку Барыса Гарэцкага, пакуль палітыка Доналда Трампа адносна Беларусі не агучаная, і беларускае пытанне будзе ісці ў звязку з расейскім і ўкраінскім. Таму шмат што будзе залежаць ад таго, ці ўдасца Трампу спыніць вайну ва Украіне.«Думаю, што ў выпадку, калі замірэнне адбудзецца, магчыма, фокус амерыканскай увагі сыдзе з гэтага рэгіёну. Імаверна, гэтыя грошы ўвогуле будуць забраныя з рэгіёну. З другога боку, калі замірыць Украіну не ўдасца або калі тут будзе па-ранейшаму сітуацыя выглядаць незразумела і новай адміністрацыі будзе ясна, што тут патрэбная амерыканская прысутнасць, я думаю, што сродкі могуць застацца на беларускім рынку і можа адбыцца нейкае павелічэнне», – сказаў суразмоўца і дадаў, што гэта – вялікая палітыка, звязаная з цяперашнімі магчымымі перамовамі Трампа і Пуціна.

Доналд Трамп падчас інаўгурацыі. Крыніца: gazeta.uz
Доналд Трамп падчас інаўгурацыі. Крыніца: gazeta.uz

90 дзён могуць стацца прысудам

Для некаторых медыяў 90 дзён – гэта вельмі працяглы перыяд, што можа зрабіцца сапраўдным выпрабаваннем для тых выданняў, якія карыстаюцца амерыканскім падтрыманнем, нават калі фінансаванне потым будзе адноўленае.

Шмат якія медыі сёння маюць некалькі крыніцаў фінансавай дапамогі, але гэта не тыя ўмовы, калі ў іх ёсць магчымасць недзе перапазычыць грошы – напрыклад, з нейкай іншай праграмы фінансавання.

Беларускія работнікі медыйнай сферы, адзначае Барыс Гарэцкі, ужо, на жаль, прызвычаіліся да таго, што фінансаванне можа прыпыняцца. Ён прыгадвае некалькі сітуацыяў, калі цэлыя выданні працавалі без заробкаў месяцамі, бо не было сродкаў. І ў гэтым выпадку можна мець спадзеў толькі на тое, што і імплементары, і амерыканскі бок разумеюць паспяховасць беларускіх праектаў і паспяховасць укладання грошай у іх.

,,

«Безумоўна, нам у медыясектары ўжо патрэбна біць у набат. І я думаю, усе, хто мае дзяржаўнае амерыканскае падтрыманне, ужо шукаюць крыніцы фінансавання, магчымасць дзесьці атрымаць хаця б часовую дапамогу. Гэтую праблему, я ўпэўнены, медыяменеджары ўжо развязваюць і гавораць пра яе ўжо цяпер», – кажа суразмоўца. 


Такім чынам, нягледзячы на тое што беларускі медыйны рынак сапраўды мае гісторыю поспеху, мы не павінны забываць, што Трамп – даволі непрадказальны чалавек, які дэкларуе паварот палітыкі ўнутр Амерыкі, таму пэўнае скарачэнне сапраўды можа адбыцца і прынесці пэўныя страты беларускім медыям.

Джо Байдэн і Святлана Ціханоўская. Фота: tsikhanouskaya.org
Джо Байдэн і Святлана Ціханоўская. Фота: tsikhanouskaya.org

Ці дапамогуць дэмсілы

«Я думаю, дэмакратычныя сілы цалкам разумеюць сітуацыю. Я думаю, многія з іх таксама маюць стратэгічнае падтрыманне альбо нейкую сувязь з Амерыкай. Трэба нагадаць, што ўсю кадэнцыю Байдэна адбываўся так званы беларуска-амерыканскі стратэгічны дыялог — гэта сапраўдны прарыў у адносінах паміж Беларуссю і Амерыкаю. Дакладней, паміж дэмакратычнымі сіламі і Амерыкаю. І ніхто – ні дэмсілы, ні медыя, ні грамадзянская супольнасць – не хочуць, каб вынікі гэтага стратэгічнага дыялогу былі пахаваныя», – адзначыў Барыс Гарэцкі.

Дзякуючы гэтаму дыялогу ўдалося значна зблізіць палітычныя эліты, мяркуе суразмоўца. Бо адна справа – у межах агульнай дыпламатыі камунікаваць і атрымліваць інфармацыю пра нейкія праблемы і тыя змены, што мусяць адбывацца ў камунікацыі. А іншая – калі высокапасадоўцы і з беларускіх дэмакратычных сілаў, і з Амерыкі сядаюць за адзін стол і на месцы развязваюць набалелыя пытанні і абмяркоўваюць, як можна пабудаваць дарожную карту ў гэтым пытанні.

«Таму ў мяне ёсць пэўны аптымізм. Я спадзяюся, тое, што было напрацавана цягам гэтага стратэгічнага дыялогу, тыя кантакты дэмакратычных сілаў, грамадзянскай супольнасці, медыяў працягнуць уплываць на амерыканскія эліты, новую амерыканскую адміністрацыю, не перакрэсліваючы тое, што зроблена за мінулую кадэнцыю, а захоўваючы гэтую сувязь», – рэзюмаваў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10