На нафтаперапрацоўчым заводзе «Нафтан» за карупцыю звольненыя галоўны інжынер і ягоны намеснік. Яшчэ паніжаныя тры асобы, якія займалі кіраўнічыя пасады, паведамляе Рабочы рух.
На фоне заходніх санкцыяў супраць «Нафтану» на прадпрыемстве спрабавалі знайсці неабходныя для працы тавары ў «дружалюбных» краінах.
Адным з такіх тавараў ёсць каталізатары, што ініцыююць і паскараюць хімічныя працэсы. Гэтую прадукцыю нібыта змаглі вырабіць у Расеі і прадалі «Нафтану». Аднак пасля іх куплі на заводзе з'явіліся праблемы. Тады пачаліся правяранні КДБ і КДК. Аказалася, што каталізатары былі не расейскай вытворчасці, а «кітайскі тандэт нізкай якасці», распавядае Рабочы рух.
«Такое можна было купіць беспасярэдне ў некалькі разоў танней», – адзначае прадстаўнік Рабочага руху Аляксандр Сакалоў.
Паводле Рабочага руху, многія кіраўнікі ведалі, што насамрэч закупы робяцца паводле завышаных цэнаў. На гэта заплюшчвалі вочы, баючыся не выканаць задання і страціць пасаду, а хтосьці яшчэ і атрымліваў «адкаты». Страты прадпрыемства склалі некалькі сотняў мільёнаў долараў, сцвярджае Рабочы рух.
У выніку звольнены Юрый Крывач з пасады галоўнага інжынера. Ён актыўна ўдзельнічаў у палітычных рэпрэсіях. Таксама страціў працу Віталь Рэмез, які быў намеснікам галоўнага інжынера. Яго аб'яднанне рабочых характарызуе як добрага працаўніка.
Паніжаны з пасады намесніка галоўнага інжынера да намесніка начальніка адной з вытворчасцяў Андрэй Сіповіч. Ягоны кар'ерны рост быў звязаны з рэпрэсіямі супраць калегаў і даносамі, адзначае Рабочы рух.
З пасады намесніка начальніка вытворчасці да інжынера-тэхнолага паніжаны Міхаіл Багдановіч, які таксама быў заўважаны ў рэпрэсіях.
Пайшоў на паніжэнне і начальнік сістэмы «Рыформінг № 3» Леў Клюшнёў.
Арсен Рудэнка belsat.eu