Літоўскі камітэт Сейму ў замежных справах абмяркуе з іншымі ведамствамі пашпарты Новай Беларусі пасля хвалі абурэння ў Літве Пагоняй на вокладцы дакументу. Старшыня камітэту разлічвае, што літоўскія чыноўнікі прыйдуць да адзінай пазіцыі, піша LRT.
«Мы запрасілі прадстаўнікоў міністэрстваў унутраных і замежных справаў, каб пачуць іхную пазіцыю. Галоўная мэта – наладзіць адзіны падыход, заставацца ў агульным інфармацыйным полі і выпрацаваць узгодненую пазіцыю, паколькі пытанне далікатнае», – сказаў старшыня камітэту Сейму ў замежных справах Рэмігіюс Мотузас.
На сустрэчу таксама запрошаныя прадстаўнікі Дэпартаменту міграцыі і геральдычнай камісіі.
Пад адзінай пазіцыяй маецца на ўвазе, што пашпарт Новай Беларусі – «сімвалічны дакумент», у якога няма юрыдычнай або дыпламатычнай сілы, адзначыў Рэмігіюс Мотузас.
Заяўкі на пашпарт Новай Беларусі будуць прымацца з 26 студзеня. Калі з'явілася навіна пра гэта, некаторыя літоўскія палітыкі абурыліся праз герб «Пагоня» на пашпарце Новай Беларусі. Усё праз тое, што Пагоня падобная да літоўскага сімвалу з гербу краіны «Віціс», аднак яны не ідэнтычныя.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа адзначыў, што гэта не праблема і сімвал могуць выкарыстоўваць «свабодалюбныя народы, якія не схіляюцца перад Пуціным». Аднак ён дадаў, што гэткі сімвал на пашпарце Новай Беларусі закранае некаторыя юрыдычныя і дыпламатычныя аспекты.
Арсен Рудэнка belsat.eu