навіны

У пракуратуры паведамілі, дзе Дор’ян С. возьме $ 48 тысячаў на кампенсацыю хлопцу Лізы

img
Абвінавачаны ў згвалтаванні і забойстве беларускі Лізы Дор’ян С. у зале суда. Варшава, Польшча. 17 студзеня 2025 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Акруговы суд Варшавы прызначыў пажыццёвае зняволенне 23-гадоваму Дор’яну С. за згвалтаванне і забойства беларускі Лізы, а таксама абавязаў яго выплаціць кампенсацыю пацярпеламу боку. У Акруговай пракуратуры Варшавы растлумачылі «Белсату», як ён можа выплаціць гэтыя грошы.

Пацярпелым у гэтай справе прызнаны хлопец Лізы. Суд пастанавіў выплаціць яму 200 тысяч злотых (каля 48 тысяч долараў у пераліку). Прэс-сакратар Акруговай пракуратуры Варшавы Пётр Антоні Скіба паведаміў «Белсату», што асуджаны Дорян С. можа ўладкавацца на працу ў турме і сплачваць кампенсацыю з заробку:

,,

«Асуджаны можа працаваць у папраўчай установе, і кампенсацыя можа быць спагнаная з гэтых сродкаў, гэтаксама як і з уласнасці, што ён мае».


Скіба таксама ўдакладніў, што вырак Акруговага суда Варшавы яшчэ не набыў законнай моцы:


«Прысуд не ёсць канчатковым. Калі будзе пададзеная апеляцыя, то вырак стане канчатковым пасля таго, як апеляцыя будзе разгледжаная, а вышэйшы суд зацвердзіць вырак».

Абвінавачаны ў згвалтаванні і забойстве беларускі Лізы ў Варшаве Дор’ян С. Варшава, Польшча. 17 студзеня 2025 года. Фота: Белсат
Забойцу беларускі Лізы далі пажыццёвае зняволенне навіны

Пракуратура абскарджваць пажыццёвае зняволенне для 23-гадовага Дор’яна С. не будзе:


«Паводле пракурора, прысуд ёсць справядлівым».


Пра планы падаць апеляцыю раней паведамілі адвакаты фігуранта справы. Яны напіраюць: не было даказана, што ён быў у прытомным стане ў момант злачынства.


«Гэты працэс быў праведзены, можна сказаць, экспрэс-метадам, беспрэцэдэнтным ва ўмовах польскай судовай сістэмы, што мае быць заўважана. На наш погляд, пастанова суда заўчасная. Шэраг сумневаў абароны і шэраг доказаў не былі зняпраўджаныя падчас судовага разбору».


Злачынства ў цэнтры Варшавы адбылося ў ноч на 25 лютага летась. Паводле следства, Дор’ян С. згвалтаваў беларуску і намагаўся яе задушыць. Дзяўчыну шпіталізавалі ў крытычным стане, праз шэсць дзён яна памерла.

Дор'ян С. перад трэцім паседжаннем суда ў справе аб згвалтаванні і забойстве беларускі Лізы. 13 студзеня 2025 года. Фота: Белсат
Дор'ян С. перапрасіў за забойства беларускі Лізы навіны

Маладзён у сваіх паказаннях, якія ён пацвердзіў у судзе, запэўніваў, што забіваць Лізу не хацеў. Першапачаткова ён планаваў абрабаваць краму ці бар, каб здабыць грошы на аплату кватэры. Чаму ён пазбавіў дзяўчыну жыцця і згвалтаваў яе, хлопец растлумачыць не здолеў.


Пры гэтым суддзя ў прамове пасля абвяшчэння выраку адзначыў, што версію абвінавачанага зняпраўджвае запіс камеры відэаназірання. Звычайна, калі ёсць намер нешта скрасці, злачынцы хапаюць здабычу і ўцякаюць. Аднак не ў гэтым выпадку:


«Абвінавачаны не ўцякае. Ён прыціскаецца целам і проста нападае. Намер падаецца відавочным: проста абвінавачаны хоча сексуалізавана эксплуатаваць ахвяру».


На відэазапісы бачна, як маладзён спрабаваў пацалаваць Лізу, але яна адхілілася. Як паведаміў суддзя, на гэтым моманце адна з адвакатак адвярнула галаву ад экрана, бо проста не магла на гэта глядзець.


Пасля згвалтавання Дор’ян сабраў рэчы і пайшоў «спакойна і ўпэўнена». Суддзя мяркуе, што менавіта такая ўпэўненасць сведчыць: абвінавачаны ўсведамляў, што ён робіць. Таму адвакаты, якія ставілі пад сумнеў вынікі экспертызы пра стан свядомасці фігуранта, не маюць рацыі, заявіў суддзя.


Дар'я Форман, Сцяпан Кубік belsat.eu 

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10