навіны

У Варшаве збілі беларускага таксіста – яго прынялі за ўкраінца

Таксі стаіць каля аўтавакзалу «Варшава Заходняя». Варшава, Польшча. 29 сакавіка 2024 года. Фота: Белсат
Таксі стаіць каля аўтавакзалу «Варшава Заходняя». Варшава, Польшча. 29 сакавіка 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

3 студзеня польскія пасажыры таксі напалі на кіроўцу з Беларусі. Падчас інцыдэнту нападнікі называлі Васіля (імя змененае) украінцам і жадалі яму «памерці на вайне».

Канфлікт здарыўся 3 студзеня 2025 года. У той дзень Васіль вёз двух хлопцаў і дзвюх дзеўчын. Паездка мусіла доўжыцца каля 25 хвілінаў, але праблемы пачаліся з самага пачатку, піша выданне MOST.


Спачатку дзяўчына, якая сядзела наперадзе, папрасіла дазволу закурыць электронную цыгарэту. Васіль супраць курэння ў салоне, але дазволіў пры ўмове, што акно будзе адкрытае. Праз некаторы час дзяўчына змерзла і закрыла акно. Тады яе ўвагу прыцягнула выключаная магнітола. Пасажырка захацела праз «Bluetooth» падлучыць да яе сваю музыку. Але Васіль адказаў, што гэта будзе адцягваць яго ад руху.


Маладыя палякі спыталі, ці не з Украіны хлопец.


«Я адказаў, што не з Украіны. І сказаў, што гэта не мае дачынення да нашай справы – паездкі», – кажа Васіль.


Ён мяркуе, што пасажыры маглі палічыць, што ён не хоча прызнавацца і пачалі пытацца, чаму кіроўца не на вайне.


Адкуль ён родам, Васіль пасажырам так і не сказаў – растлумачыў, што гэта асабістая інфармацыя.


У варшаўскім таксі мужчына працуе ўжо паўтара года і ў цэлым польскія пасажыры яму падабаюцца, ён асабліва падкрэслівае: абсалютная большасць яго кліентаў – адэкватныя людзі. Зразумеўшы, што гэтая кампанія – выключэнне, Васіль сказаў, што завершыць паездку ў першым жа бяспечным месцы, а пасажыры змогуць выклікаць сабе іншае таксі.


Паездка была аплачаная картай у мабільнай праграме, і намер таксіста спыніць яе абурыў маладых людзей. Тады Васіль растлумачыў кліентам, што яны могуць напісаць рэкламацыю, каб ім вярнулі грошы. Маладыя людзі сказалі, што паставяць Васілю адну зорку, але той не раздумаў іх высаджваць.


Да таго моманту, як Васіль спыніўся ў бяспечным месцы, паездка доўжылася толькі чатыры хвіліны. Мужчына кажа, што кліентам не грубіяніў, але сітуацыя іх усё ж вельмі раззлавала. Дзяўчына, пакідаючы аўта, аплявала кіроўцу і назвала «ўкраінскай свіннёй», а адзін з хлопцаў, выходзячы, ударыў у арку за заднімі дзвярыма – там засталася ўвагнутасць.


Пачуўшы гукі двух удараў у заднюю частку аўта, Васіль уключыў запіс на тэлефоне, крыкнуў маладым людзям, што выклікаў паліцыю, і выйшаў з салона, каб паглядзець, як выглядае гэтае месца. Ён сапраўды хацеў паведаміць пра пашкоджанні аўтамабіля ў паліцыю і зноў сеў у аўта, каб патэлефанаваць. Але набраць нумар не паспеў. Дзверы аўтамабіля адчыніліся: кліенты, якія ўжо быццам бы сышлі, надумалі вярнуцца. Адзін з іх да таго моманту наматаў на галаву шалік.


«Я спытаў: «Чаго ты хочаш?» У адказ цішыня. А потым – газам у твар», – кажа Васіль.


Кіроўца выскачыў з салону, устаў на ногі. Але тут жа атрымаў два ўдары ў галаву і інстынктыўна адвярнуўся.


Пасля гэтага ўдары працягнуліся, і Васіль адчуў, што нападнік пачаў наносіць іх «прыцэльна ў галаву». Некалькі разоў нападнік пры гэтым крыкнуў: «Сп**даляй» (польск. груб. «Правальвай»). Увесь гэты час тэлефон Васіля вёў запіс.


Напад спынілі сігналы машыны: побач праязджаў патруль, але паліцыянты былі ў цывільным.


Убачыўшы, што з аўта выходзяць мужчыны, нападнікі пачалі сыходзіць. Але паліцыянты спынілі іх і загадалі заставацца на сваіх месцах, а Васіля папрасілі набраць 112 – гэта адзіны нумар службаў ратавання. Дыспетчарка выклікала Васілю машыну хуткай дапамогі і яшчэ адну патрульную машыну. Пакуль ён чакаў дапамогі, прыкладваў да твару снег, каб знізіць ацёк і «каб не было сіняка».


Васіль успамінае, што яму разбалелася галава. Медыкі памералі беларусу ціск – верхні быў на ўзроўні 190. Мужчына пастанавіў паехаць для абследавання ў больніцу. Там яму зрабілі МРТ, але яно паказала, што сур'ёзных траўмаў ён не атрымаў.


Рэгістратара ў салоне таксі няма, але запіс на тэлефоне, які паспеў уключыць Васіль, – ягоны доказ. Беларус ужо звярнуўся ў фонд «Ponad podziałami», дзе яму дапамаглі скласці заяву аб злачынстве ў паліцыю і хадайніцтва аб прыцягненні тых, хто нападаў да адказнасці.


Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10