навіны

Элемент шоу і фальсіфікацыяў. Як у Беларусі прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Дзяўчына галасуе ў першы дзень датэрміновага галасавання ў Беларусі 21 студзеня 2025 года. Фота: sb.by
Дзяўчына галасуе ў першы дзень датэрміновага галасавання ў Беларусі 21 студзеня 2025 года. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

У Беларусі прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання на «прэзідэнцкіх выбарах» 21 студзеня. Дзяржаўныя медыі паведамілі пра чэргі на ўчастках, у тым ліку ў інтэрнаце аднаго з самых пратэсных прадпрыемстваў у 2020 годзе. Палітыкі дэмакратычных сілаў назвалі гэта фарсам, што спрыяе фальсіфікацыям, хаця галасаваць раней – нармальная практыка ў свеце.

На ўчастках свята «першага»


Дзяржаўныя медыі актыўна асвятлялі тое, што адбываецца. Звычайна пісалі пра чэргі на выбарчых участках у першыя ж гадзіны пасля адкрыцця. Усе іх суразмоўцы адзін у адзін кажуць, што галасуюць за «мір і стабільнасць».

,,

«І чым раней мы за гэта прагаласуем, тым лепш», – кажа Валянціна Яўгенаўна, якая прыйшла на ўчастак у Менску з сям'ёй.


У Горадні ў інтэрнаце «Горадня Азоту» «ў першыя хвіліны сабралася чарга», піша «Гродно +». У ліку першых быў гендырэктар «Горадня Азоту» Ігар Ляшэнка.

Выбарцы ў Горадні ў інтэрнаце «Горадня Азот» 21 студзеня. Фота: grodnoplustv.by
Выбарцы ў Горадні ў інтэрнаце «Горадня Азот» 21 студзеня. Фота: grodnoplustv.by

Тое ж самае ў Дрыбінскім раёне.


«Многія жыхары Дрыбіна скарысталі выдатную магчымасць зрабіць свой выбар, не чакаючы нядзелі [26 студзеня, апошняга дня галасавання. – Заўв. рэд.]», – піша сайт газеты «Савецкая вёска».


У Мікашэвічах людзі ўвогуле нібыта сталі прыходзіць да адкрыцця выбарчага ўчастку.


Таксама студэнты БДПУ прыйшлі галасаваць у першы ж дзень, нягледзячы на сесію. Павел Мацюш, старшыня ўчастковай выбарчай камісіі № 36 Маскоўскага раёну Менску, размешчанай у інтэрнаце БДПУ, распавёў, што на датэрміновым галасаванні яўка чакаецца вельмі высокая.

,,

«Студэнты традыцыйна праяўляюць высокую актыўнасць. Спецыфіка нашага выбарчага ўчастку заключаецца ў тым, што тут галасуюць выключна навучэнцы ВНУ», – адзначыў ён.


У Гомелі некаторыя студэнты распавялі, што пайшлі галасаваць адразу пасля іспыту.


Паводле праваабаронцаў «Вясны», на мінулых выбарах студэнты былі адной з катэгорыяў выбарцаў, якіх прымушаюць галасаваць датэрмінова.


У цэлым падзея асвятляецца як свята з усхваленнем «моцнага лідара». На выбарчых участках нават дораць футболкі тым, хто галасуе ўпершыню. На іх напісана «Мой голас першы». Гэта сугучнае таму, як тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі «Пул першага» называе свайго начальніка «першым».

Футболкі, якія дораць тым, хто галасуе ўпершыню. Фота: sb.by
Футболкі, якія дораць тым, хто галасуе ўпершыню. Фота: sb.by

Што не так з датэрміновым галасаваннем



Спецыяльны дарадца Святланы Ціханоўскай у выбарах Аляксандр Шлык адзначае, што датэрміновае галасаванне ёсць шмат у якіх краінах. У Беларусі звычайна, паводле афіцыйных звестак, датэрмінова галасаваць праходзіць шмат людзей, але гэтыя звесткі сумнеўныя, як і вынікі галасавання.


«На парламенцкіх выбарах у 2024 годзе, паводле афіцыйных дадзеных, датэрмінова прагаласаваў каля 41 % выбаршчыкаў, а ў асноўны дзень галасавання – трошкі больш за 30 %. Але няма падставаў меркаваць, што гэта рэальныя лічбы, бо немагчыма гэта праверыць. Цяпер няма ані назіральнікаў, ані спосабаў спраўдзіць дадзеныя. Невядома, колькі людзей галасуе датэрмінова, як і не вядома, наколькі яны гэта робяць з уласнай волі», – кажа Шлык.

Акцыя пратэсту супраць прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі Мінск, Беларусь, 20 верасня 2020 года. Фота: Марыны Серабраковай / агенцтва Anadolu праз Getty Images

«Выбары»: Чаму ўлады дагэтуль баяцца беларусаў і ці атрымаецца іх падкупіць

Аналітыка

Ён прыводзіць прыклад 2020 года, які добра паказаў, што афіцыйны звесткі непраўдзівыя.


«Было адрапартавана, што аж 40 % прагаласавалі датэрмінова, а людзі насамрэч хацелі прыйсці на ўчасткі ў асноўны дзень галасавання. І здарылася так, што не хапіла бюлетэняў – быццам бы хтосьці за людзей прагаласаваў датэрмінова», – кажа эксперт у выбарах.


Былая кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына тады тлумачыла ўсё тым, што ЦВК проста не разлічваў на такую вялікую яўку выбарцаў – 79 %.


Кіраўнік НАУ, намеснік Святланы Ціханоўскай у АПК Павел Латушка падкрэслівае, што выбары – гэта ўвогуле спецаперацыя КДБ.


«Усё адно чальцы камісіяў напішуць у пратаколе столькі, колькі ім скажа куратар з КДБ ці намеснік старшыні райвыканкаму па ідэалогіі. Але датэрміновае галасаванне стварае больш прыязную для іх карціну. Уначы, калі стаяць два міліцыянеры каля скрыні, падыдзе старшыня ўчастковай камісіі, які працуе на кантракце ў КДБ, укіне бюлетэні за Лукашэнку», – кажа ён.


Латушка прапануе спосаб пратэсту


Жыхары Дрыбіна ў першы дзень датэрміновага галасавання. Фота: dribin.by
Жыхары Дрыбіна ў першы дзень датэрміновага галасавання. Фота: dribin.by

ЦВК намалюе Лукашэнку каля 88 % галасоў, лічыць Латушка, але заклікае людзей выказаць свой пратэст адзіным бяспечным спосабам – прагаласаваць супраць усіх.


«Мы бачым з незалежнай ідэалогіі і крыніцаў "Chatham Houseі", якія я не магу называць, што ад 60 да 80 % беларусаў пойдуць на выбарчыя ўчасткі. У Лукашэнкі ёсць ядравы электарат, які прагаласуе за яго – гэта 15–25 %, тут можна дыскутаваць. Калі нават 60 % выбарцаў прыйдуць на ўчасткі, то атрымаецца гісторыя, што ўдома засталіся тыя, хто супраць яго.

,,

Ён атрымае ўмоўны 51 % ці блізка гэтага падчас нібы выбараў. І ён нават маральна атрымае права казаць, што яго ж абралі. Тое, што ён сабе больш намалюе – гэта ўжо іншае. І галоўнае – сістэма ўнутры пабачыць, што так, яны сфальсіфікавалі, але 51 % ён атрымаў», – кажа Латушка.


Ён упэўнены, што рэальныя галасы ўсё адно будуць падлічаныя і КДБ збярэ і перадасць звесткі Лукашэнку.


«Гэта рэальная сацыялогія, якую хоча мець Лукашэнка. І ён яе атрымае закрытымі каналамі. Калі там будзе 50 % плюс 1 % супраць усіх, ён зразумее, што грамадства не змянілася. Гэта не зменіць сітуацыі сёння, але гэта інструмент ціску. Як санкцыі, як ордар на арышт. Байкот у дыктатуры ніколі не дае выніку. Гэта тое, што любіць дыктатар – цішыню», – падводзіць рысу Павел Латушка.


Арсэн Рудэнка, Ірына Дарафейчук, Віталь Бабін belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10