Працаўнікі літоўскай мытні ў студзені на прапускным пункце «Мядзінінкай» канфіскавалі ў грамадзянаў Беларусі тры аўтамабілі, у якіх перавозіліся кантрабандныя цыгарэты.
Беларусы спрабавалі незаконна ўвезці ў Літву 3030 пачак цыгарэтаў «NZ Gold» і «Minsk Superslims» – іх знайшлі з дапамогай рэнтгену ў шматлікіх тайніках у аўтамабілях. Цыгарэты былі ацэненыя на агульную суму 13 573 еўраў.
На беларусаў склалі пратаколы аб адміністратыўных правапарушэннях, ім пагражаюць штрафы ад 2 да 6 тысячаў еўраў.
Аўтамабілі «BMW X5», «BMW X6» і «Mercedes-Benz» былі канфіскаваныя. Мытня пастанавіла перадаць іх на патрэбы Украіны.
У 2024 годзе Літва перадала Украіне ў якасці гуманітарнай дапамогі 114 канфіскаваных аўтамабіляў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu