У Берасцейскім абласным судзе 27 студзеня распачнецца разгляд крымінальнай справы – ужо трэцяй – супраць Юліі Лаптановіч з Пружанаў. Жанчына цяпер за кратамі. Раней паводле палітычных артыкулаў судзілі таксама ейных мужа і маці. У Юліі трое няпоўнагадовых дзяцей: два сыны і дачка.
Гэтым разам Юлію будуць судзіць паводле ч. 2 арт. 361-4 КК РБ – «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці». Што менавіта інкрымінуюць жанчыне – невядома.
Сям’ю Лаптановічаў рэпрэсуюць з 2020 года. Спачатку Юлію і ейнага мужа Ігара ў 2021 годзе судзілі паводле «карагоднай справы» – за ўдзел у акцыі пратэсту ў Берасці 13 верасня 2020 года.
Улетку 2022 года Юлію асудзілі да 4 гадоў і 9 месяцаў калоніі адразу паводле 6 артыкулаў – жанчыну абвінавачвалі ў тым, што яна перадавала звесткі пра службовых асобаў, якія пераследавалі ейную сям’ю.
Напрыканцы 2024 года асудзілі маці Юліі Таццяну Васільеву – за інтэрв’ю «Белсату» ў 2021 годзе.
Марыя Міхалевіч belsat.eu