Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з калектывам ААТ «Менскі аўтамабільны завод» 21 студзеня пракаментаваў імавернае блакаванне інтэрнэту ў дзень выбараў.
Паводле Лукашэнкі, «забараніць – гэта проста», але «забароны заўсёды не на карысць», а замест гэтага «трэба перамагчы, трэба даказаць, што мы лепшыя». У той жа час Лукашэнка, калі спатрэбіцца, у любы момант гатовы «спыніць усё што заўгодна».
,,«Але цяпер гэта не патрэбна, няма такой неабходнасці. […] Мы ніколі не думалі пра гэта. Хочаце ў інтэрнэце – сядзіце там. Тым больш 50 адсоткаў інтэрнэту, а можа і больш, гэта ж карысць», – заявіў кіраўнік Беларусі.
Лукашэнка згадаў 2020 год і сказаў, што тады былі моманты, калі «даводзілася штосьці спыняць, у тым ліку на гадзіну-дзве адключаць "ачумелых блогераў": тады была такая неабходнасць».
«Гэта былі мае функцыі, я прымаў гэтыя рашэнні», – сказаў ён.
У Беларусі былі маштабныя адключэнні інтэрнэту ў дзень выбараў 9 жніўня 2020 года і ў наступныя тры дні.
Беларусы з розных рэгіёнаў паведамлялі, што мелі цяжкасці з доступам да YouTube і часам агулам да інтэрнэту ў ноч з 31 снежня 2024 года на 1 студзеня 2025 года падчас навагодняга звароту Святланы Ціханоўскай.
На думку праваабаронцаў, інтэрнэт у Беларусі цалкам можа быць адключаны ці абмежаваны і падчас гэтых прэзідэнцкіх выбараў, якія адбудуцца ўжо 26 студзеня. Апошнімі тыднямі, як адзначаюць эксперты, у Беларусі ўжо назіраюцца збоі, падобныя да таго, што было ў чэрвені 2020 года, і гэта можна разглядаць як падрыхтоўку да адключэнняў.
Беларусь не адзіная краіна, улады якой займаюцца адключэннем інтэрнэту. Пры гэтым колькасць такіх выпадкаў толькі расце. Паводле падлікаў арганізацыі «Access Now», калі ў 2016 годзе было зафіксавана 78 адключэнняў у 27 краінах, то ў 2023-м – ужо 283 выпадкі блакавання ў 39 краінах. Адключэнне можа быць як поўным, калі інтэрнэт не працуе зусім, гэтак і частковым, калі блакуюцца пэўныя сэрвісы, пратаколы і гэтак далей.
Такія адключэнні інтэрнэту лічацца на ўзроўні ААН і АБСЕ парушэннем правоў чалавека, бо «гэта непрапарцыйнае абмежаванне, нават калі яно прапісанае ў законе».
Марыя Міхалевіч belsat.eu