Былы супрацоўнік Службы бяспекі Лукашэнкі Сяргей Чэпікаў зрабіўся выканаўчым дырэктарам «Белгазпрамбанку».
Як піша «Бюро», Сяргей Чэпікаў быў прызначаны на гэтую пасаду яшчэ ў канцы лета 2024 года. Але публічна пра гэта нідзе не паведамлялася, у тым ліку і на сайце банку. Там ягонае імя нідзе не значыцца дагэтуль.
Паводле звестак кіберпартызанаў, Чэпікаву 49 гадоў. Ён уваходзіў у Службу бяспекі, як мінімум, з 2005 да 2021 года. На службу да Лукашэнкі трапіў з беларускага войска, дзе служыў у кіналагічным цэнтры.
Дарэчы, гэта ўжо не першае прызначэнне былых супрацоўнікаў Службы бяспекі Лукашэнкі на кіроўныя пасады ў банках. Гэтак, у канцы мінулага года сталася вядома, што галоўнага ахоўніка Аляксандра Лукашэнкі Аляксея Ляшкевіча адправілі працаваць у «Беларусбанк». Там для яго нават спецыяльна стварылі новую пасаду – выканаўчага дырэктара, які курыруе дэпартамент бяспекі.
Надзея Вольная belsat.eu