Кім Ё Чонг, сястра паўночнакарэйскага дыктатара Кім Чэн Ына, заявіла, што КНДР «гатовая развіваць двухбаковыя стасункі з Беларуссю, але Беларусі неабходна больш дакладна пазначыць свае намеры».
Як гаворыцца ў новай справаздачы амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW), хутчэй за ўсё, гэтая заява сведчыць пра тое, што Паўночная Карэя выстаўляе ўмовы для пашырэння супрацы з Беларуссю.
Напярэдадні намеснік дырэктара аддзелу прапаганды і агітацыі Цэнтральнага камітэту кіроўнай у КНДР Працоўнай партыі Карэі Кім Ё Чонг зняпраўдзіла сцвярджэнне Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Пхеньян прапаноўваў Менску арганізаваць сустрэчу на найвышэйшым узроўні.
Нагадаем, што 17 студзеня на нарадзе ў пытаннях замежнагандлёвай дзейнасці Аляксандр Лукашэнка расказаў, што каля пяці дзяржаваў, у тым ліку Пакістан, Інданезія і КНДР, скіравалі Беларусі прапановы пра арганізацыю сустрэчаў на найвышэйшым узроўні для абмеркавання пытанняў супрацы.
«Ёсць прынцыповыя пытанні, у якіх трэба прымаць рашэнні. Гэта датычыць узаемаразлікаў, паставак нашай вайсковай прадукцыі, прадукцыі ў змаганні з пажарамі і гэтак далей. Таму я запрасіў вас, каб абмеркаваць гэты спектр і кірунак нашай супрацы – тое, што цікавіць перш за ўсё нашых партнёраў на Усходзе», – адзначыў ён.
Але гэтыя, здаецца, шараговыя словы не спадабаліся ў КНДР.
20 студзеня намесніца загадчыка аддзелу ЦК Працоўнай партыі Карэі Кім Ё Чонг, родная сястра кіраўніка краіны Кім Чэн Ына, праз Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі заявіла, што гэта не Пхеньян скіраваў Менску прапановы арганізаваць сустрэчу, а менавіта «беларускі бок яшчэ не менш як два гады таму настойліва спадзяваўся на кантакт з КНДР на найвышэйшым узроўні».
З беларускага боку, як адзначаецца, «як след не адлюстраванае жаданне» сустрэчы, а самой прапановы пра сустрэчу на найвышэйшым узроўні для абмеркавання пытанняў супрацы, «на маю [Кім Ё Чонг. – Заўвага рэд. belsat.eu] думку, не было».
Надзея Вольная belsat.eu