Прыхільнікі Доналда Трампа, якія напалі на Капітолій чатыры гады таму, пачнуць выходзіць з турмаў, бо новапрызначаны прэзідэнт памілаваў іх. Таксама вядома, што ў панядзелак новы прэзідэнт ЗША падпісаў указ аб паўторным выхадзе з Парыжскага пагаднення ў справе клімату. І гэта толькі пачатак.
Адпаведныя ўказы былі апублікаваныя на сайце Белага дому.
Памілаванне 1500 абвінавачаных у дзень інаўгурацыі выклікала абурэнне з боку заканадаўцаў, якія апынуліся пад пагрозай у выніку нападу 6 студзеня 2021 года. У той дзень тысячы прыхільнікаў Доналда Трампа ўварваліся ў Капітолій і спрабавалі перашкодзіць Кангрэсу засведчыць паразу Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у 2020-м Джо Байдэну.
Той напад быў выкліканы адмоваю Трампа прызнаць сваю паразу, што ўпершыню ў гісторыі ЗША паставіла пад пагрозу мірную перадачу ўлады. Прыблізна 140 паліцыянтаў зазналі атакі падчас нападу на Капітолій, чатыры чалавекі загінулі.
«Доналд Трамп адкрывае залаты век для людзей, якія парушаюць закон і спрабуюць зрынуць урад», – заявіў з гэтай нагоды лідар дэмакратаў у Сенаце Чак Шумэр.
Паведамляецца, што сярод тых, каго маюць вызваліць, – лідары ультраправых арганізацыяў «Proud Boys» і «Oath Keepers». Некаторых з іх асудзілі за мяцежную змову. Вядома, што каля 40 мужчынаў са знакамі адрознення «Proud Boys» абменьваліся абразамі з дэманстрантамі на вуліцах Вашынгтону падчас інаўгурацыі Трампа 20 студзеня.
Дарэчы, памілаванне ўдзельнікаў штурму сталася толькі адным з шэрагу распараджэнняў, падпісаным Трампам пасля цырымоніі інаўгурацыі. Вядома, што Трамп ужо распачаў маштабныя захады ў сферы іміграцыі, скараціў падтрыманне энергіі ветру і электрамабіляў, расчысціў шлях для бурэння нафты ў Арктыцы і марскіх раёнах, адклаў забарону папулярнай праграмы TikTok, але не ўвёў збораў супраць Мексікі і Канады, хоць пагражаў зрабіць гэта ледзьве не першымі крокамі свайго новага прэзідэнцтва.
Таксама вядома, што ў панядзелак Доналд Трамп падпісаў указ аб паўторным выхадзе Злучаных Штатаў з Парыжскага пагаднення ў справе клімату.
Парыжскае кліматычнае пагадненне – дамоўленасць у межах Рамкавай канвенцыі ААН аб змяненні клімату, што рэгулюе захады для скарачэння выкідаў дыяксіду вугляроду, пачынаючы з 2020 года. Пагадненне ўступіла ў моц 4 лістапада 2016 года. Яно прадугледжвае, што абавязкі ў зніжэнні шкодных выкідаў у атмасферу бяруць на сябе ўсе краіны, незалежна ад ступені іх эканамічнага развіцця.
«Пасол Злучаных Штатаў пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў неадкладна падае афіцыйнае пісьмовае паведамленне пра выхад Злучаных Штатаў Амерыкі з Парыжскага пагаднення згодна з Рамкавай канвенцыяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў аб змяненні клімату», – гаворыцца ва ўказе.
Агенцтва «Reuters» паведаміла, што Трамп падпісаў указ аб выхадзе з пагаднення перад прыхільнікамі, якія сабраліся на «Capital One Arena» ў Вашынгтоне.
«Я неадкладна выходжу з несправядлівага, аднабаковага махлярства Парыжскага кліматычнага пагаднення. Злучаныя Штаты не будуць сабатаваць свае ўласныя галіны прамысловасці, пакуль Кітай беспакарана забруджвае навакольнае асяроддзе», – заявіў ён.
Адзначаецца, што гэты крок адлюстроўвае скептычнае стаўленне новага прэзідэнта ЗША да глабальнага пацяплення, а таксама ўпісваецца ў ягоны парадак дня, скіраваны на вызваленне нафтавых і газавых кампаніяў ад рэгулявання, каб яны маглі максімізаваць здабычу.
Нагадаем: Доналд Трамп ужо выводзіў ЗША з Парыжскага кліматычнага пагаднення падчас свайго першага прэзідэнцкага тэрміну. Гэта заняло гады, аднак у 2021-м Джо Байдэн адмяніў гэты працэс.
Паводле «Reuters», гэтым разам выхад з пагаднення, верагодна, зойме год, бо Трамп не звязаны першапачатковым трохгадовым абавязкам пагаднення.
Надзея Вольная belsat.eu