За ўдзел у пратэстах 2020 года сёння, 20 студзеня, пачалі судзіць 29-гадовую настаўніцу, а за нанясенне шкоды Беларусі арыштавалі працаўніцу «Пеленгу такога ж узросту. Таксама стала вядома пра затрыманне дальнабойнікаў. Падрабязнасці – у нашым аглядзе.
У Менску затрымалі 29-гадовую працаўніцу прадпрыемства «Пеленг» Карыну Праташчык. Яе абвінавачваюць у «закліках да дзеянняў, якія наносяць шкоду Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК РБ).
Карына любіць падарожнічаць, фатаграфаваць і рабіць розныя рэчы рукамі. Пяць гадоў таму яна стварыла ўласныя развіццёвыя карткі для дзяцей. У яе ёсць муж і няпоўнагадовае дзіця.
Паводле BELPOL, з 2017 года Праташчык працавала на «Пеленгу», у тым ліку апошнім часам – кантралёрам аптычных дэталяў і прыбораў 5-га разраду ў бюро тэхнічнага кантролю аптычнай і касмічнай вытворчасці. Яна займалася праверкай якасці аптычных вырабаў.
Разгляд справы Карыны распачнецца 3 лютага ў Менскім гарадскім судзе. Суддзя – Любоў Сімахіна.
З'явілася інфармацыя пра затрыманне не менш як 20 дальнабойнікаў падчас праходжання беларускай мяжы за апошнія некалькі дзён.
У кіроўцаў правяралі мабільныя тэлефоны, шукалі лайкі, падпіскі і каментары на «экстрэмісцкіх» рэсурсах. Праверкі праводзіліся незалежна ад таго, як доўга кіроўцы былі за межамі Беларусі.

20 студзеня ў судзе Фрунзенскага раёну Менску распачаўся працэс над 29-гадовай Ганнай Падалякай. Ёй інкрымінуецца ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Суддзя – Таццяна Палулех.
Ганна працавала ў школе № 55, а цяпер пазначаная на сайце сталічнай гімназіі № 29 як педагог-арганізатар. Хобі настаўніцы – карэйская культура. Яна ўдзельнічала ў конкурсах амбасады, пісала на сайце аматараў Карэі.
Жыхара Чашнікаў Канстанціна Чарнова 21 студзеня пяты раз будуць судзіць паводле палітычнай адміністратыўнай справы.
Надоечы сацсеткі мужчыны былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» матэрыяламі. Яго ўжо тройчы судзілі за распаўсюд «экстрэмізму» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ) і адзін раз – за онлайн-пікетаванне (ч. 1 арт. 24.23 КаАП). 21 студзеня зноў будзе суд за распаўсюд «экстрэмісцкай» прадукцыі.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» распавёў пра беларускіх палітвязняў, якія цяпер ва ўмовах асаблівай рызыкі за кратамі.
На 20 студзеня 2025 года праваабаронцам вядома прынамсі пра 282 такіх палітзняволеных. Сярод іх:
• 81 чалавек з цяжкім станам здароўя;
• 35 сталых людзей, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх таксама мае вялікія праблемы са здароўем). Найстарэйшы з палітвязняў – 76-гадовы Міхаіл Ляпейка з Магілёва: яго накіравалі на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычны шпіталь за абразу Лукашэнкі;
• 30 шматдзетных маці і бацькоў;
• 8 асобаў з інваліднасцю;
• 12 асобаў з ментальнымі разладамі;
• як мінімум 10 сем'яў, дзе абодва бацькі за кратамі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu