Шуфлядка

Серыял «Универ», футбольны Еўра, «Крокус»: што летась шукалі беларусы ў інтэрнэце

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: bristekjegor / Freepik
podpis źródła zdjęcia

Статыстыка «Google», які застаецца самым папулярным пошукавікам у нашай краіне, сведчыць, што беларусы спажываюць багата расейскага кантэнту, цікавяцца футболам і стаўкамі на вынікі спартовых спаборніцтваў. Затое прэзідэнцкіх выбараў, якія меліся стацца галоўнай палітычнай падзеяй, нібыта і няма: іх амаль не гугляць.

Беларусы ўсцяж аддаюць перавагу «Google», калі патрабуецца штосьці знайсці. Ягоная доля ў нашай краіне – 65 %. На «Яндекс» прыпадае 34 % пошукавых запытаў, сведчаць звесткі праекту «StatCounter». Цікава, што на стацыянарных камп'ютарах доля гэтых пошукавікаў амаль роўная (55 % у «Google» супраць 44 % у «Яндекса»), затое на мабільных прыладах амерыканская кампанія амаль манапаліст: 72 % супраць 27 %.


Статыстыка «Google» падзяляецца на «Трэнды» і «Лідары». У «Лідарах» – тое, што карыстальнікі шукаюць багата і стала. Тут запыты амаль не мяняюцца з года ў год. Найчасцей гугляць надвор'е, а яшчэ – «яндекс», «переводчик», «ютуб» і «гдз» (гатовыя хатнія заданні).


А вось у «Трэндах» – тое, што ніколі не шукалі (ці шукалі мала), а цяпер гугляць ва ўсю моц. Тут найпапулярнейшым запытам летась стаўся расейскі серыял «Универ. 13 лет спустя».


Акрамя таго, беларусаў цікавіў футбольны Еўра-2024, Вялікдзень, каляндар на 2024. Актыўна шукалі букмекерскія канторы, Telegram, расейскія крамы «Золотое яблоко» і «DNS», што адкрываліся ў Беларусі.


У навінах у лідарах пошуку – «минск», «новости», «беларусь», «погода», як і пазалетась.


Больш паказальныя «Трэнды», тут статыстыка сведчыць, што ўвагу беларусаў прыцягнуў тэракт у канцэртнай зале «Крокус» у Маскве. Акрамя таго, у навінах актыўна шукалі «oil discovery» (адкрыццё радовішчаў нафты), «openai» (кампанія-распрацоўнік «ChatGPT»), «евро 2024». Яшчэ карыстальнікі цікавіліся падзеямі ў Курскай вобласці, куды ўварваліся украінскія вайскоўцы, Аляксандрам Сырскім, які замяніў Валерыя Залужнага на пасадзе галоўнакамандуючага ЗСУ, і міністрам абароны Украіны Рустэмам Умеравым.


Акрамя таго, не застаўся без увагі беларусаў iPhone 16, расейская відэаблогерша Ностя і выбары ў ЗША.


Пошукавыя запыты беларусаў у «YouTube» – простыя: «песня», «а4» (блог Улада Бумагі), «фильм», «музыка», «мультики». Гэта ў катэгорыі «Лідары». А ў «Трэндах» самае папулярнае – расейскае тэлешоу «Мужское / Женское» (пазалетась яго таксама актыўна шукалі).


Яшчэ адзін папулярны запыт у «YouTube» – «мелодрамы 2024 новинки русские». Шукаюць таксама расейскую тэлепраграму «Мама в 16», камедыйныя шоу «Уральские пельмени» і «КВН», кліп на песню «Пыяла» гурту «АИГЕЛ» – гэта водгалас поспеху серыялу «Слово пацана», дзе гучыць музычны твор.


Дарэчы, калі прэзідэнцкая гонка ў ЗША трапіла ў топы пошукавых запытаў у нашай краіне, то ўласныя выбары, паводле звестак «Google», беларусаў не цікавяць. На графіку папулярнасці слова «выборы» за апошнія тры месяцы заўважны адзін усплёск напачатку лістапада, калі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную кампаніі. І яшчэ 23 кастрычніка была цікавасць, тады Палата прадстаўнікоў прызначыла дату галасавання. І ўсё.


Што датычыць усяго свету, то, паводле «Google», найпапулярнейшымі запытамі ў 2024 годзе сталіся:


  • футбольны Кубак Амерыкі;
  • футбольны чэмпіянат Еўропы;
  • чэмпіянат свету па крыкеце;
  • крыкетны матч паміж Індыяй і Англіяй;
  • брытанскі спявак Ліям Пэйн, які загінуў у Буэнас-Айрэсе.


У навінах гуглілі выбары прэзідэнта ЗША, празмерную спёку, Алімпійскія гульні, ураган «Мілтан» і тайфун у Японіі.


Сярод асобаў найбольшую цікавасць у свеце выклікалі:


  • Доналд Трамп;
  • прынцэса Кэтрын (Кейт Мідлтан);
  • кандыдатка на прэзідэнцтва ў ЗША Камала Гэрыс;
  • пераможца Алімпіяды ў Парыжы, баксёрка Іман Халіф;
  • Джо Байдэн.


Гэтыя вынікі можна лічыць рэлевантнымі, бо ва ўсім свеце «Google» няма канкурэнцыі: у 90 % выпадках людзі шукаюць інфармацыю менавіта там.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik

У Расеі актыўна гуглілі летась «Производственный календарь 2025», «евро 2024», «айфон 16», «rutube», «рутуб» і «навальный». У навінах шукалі «крокус сити холл», крыптавалюту «notcoin», «пи дидди», «мобилизация 2024». У Расеі, дарэчы, доля «Google» – толькі 24 %, амаль усё ўсходнія суседзі шукаюць у «Яндексе».


Ва Украіне найчасцей і найболей гуглілі графік вылучэння электраэнергіі, футбольны Еўра, галоўнакамандуючага ЗСУ Сырскага, Алімпіяду і Вялікдзень. 


Сырскі ўзначаліў і топ-5 асобаў, цікавасць да якіх заўважна вырасла летась. У гэтым пераліку таксама баксёр Аляксандр Усік, Доналд Трамп, міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў і Камала Гэрыс.


Сярод пакупак года ва Украіне – зарадныя станцыі і электрагенератары, вентылятары і «iPhone 16».

Чытайце таксама:
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Firmbee.com / Pexels)

«Слова пацана», «Прыгожын», «Лукашэнка хворы». Што ў 2023 годзе гуглілі беларусы?

У Польшчы найбольшую папулярнасць летась займеў футбольны Еўра, выбары ў ЗША, мясцовы відэаблогер Budda, арыштаваны паводле абвінавачвання ў фінансавых злачынствах, тэлеканал «TV Republika», што прытрымліваецца правай павесткі, і выбары мясцовых уладаў.


У Літве сярод лідараў пошукавых запытаў у «Google» – таксама чэмпіянат Еўропы па футболе, а яшчэ – прэзідэнцкія і парламенцкія выбары ў краіне ды спявак Сілвэстэр Бэлт, які рэпрэзентаваў Літву на «Еўрабачанні».


У іншых нашых суседзяў – Латвіі – найбольшую папулярнасць у пошуку займеў удзельнік «Еўрабачання» ад гэтай краіны Dons, футбольны Еўра, фільм «Субстанцыя» і дыфтэрыя (у верасні ў адной сям'і з Відзэмэ захварэлі чацвёра непрышчэпленых дзяцей, адзін памёр).


Акрамя таго, у краіне багата гуглілі пра Трампа, Гэрыс і музыку P. Diddy.


Сярод асобаў, якія летась памерлі, цікавасць у Латвіі выклікаў расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны, актрыса Анастасія Заваратнюк, артыст Аляксандр Шырвіндт і сузаснавальнік Клубу вясёлых і кемлівых Аляксандр Маслякоў.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10