навіны

Трамп даручыў сваім памочнікам зарганізаваць тэлефонную размову з Пуціным

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Misha Friedman / Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Misha Friedman / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Доналд Трамп, абраны прэзідэнт ЗША, даручыў сваім памочнікам зарганізаваць тэлефонную размову з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у першыя дні пасля сваёй інаўгурацыі. 

Як паведамляе CNN, галоўнай мэтай размовы ёсць рыхтаванне асабістай сустрэчы лідараў у найбліжэйшыя месяцы, каб абмеркаваць шляхі спынення вайны ва Украіне.

Каманда нацыянальнай бяспекі Трампа пачала рыхтавацца да гэтага тэлефанавання за некалькі тыдняў да інаўгурацыі. Хоць дата размовы пакуль не вызначаная, пасля прывядзення Трампа да прысягі чакаецца актыўная праца, каб арганізаваць сустрэчу. Трамп і ягоныя дарадцы спадзяюцца хутка распрацаваць план урэгулявання вайны ва Украіне, які можна будзе зрэалізаваць у першыя месяцы ягонага прэзідэнцтва.

Падчас выбарчай кампаніі Трамп абяцаў спыніць вайну ва Украіне ў першы дзень пасля прысягі, але цяпер ён імкнецца дасягнуць гэтага праз дыпламатычныя крокі і беспасярэднія перамовы з Пуціным, адзначае выданне.

Нагадаем, што спецпрадстаўнік Доналда Трампа ў справах Украіны і Расеі Кіт Келаг у інтэрв’ю «Fox News» на пачатку студзеня назваў сваёй мэтай пошукі залагоджвання поўнамаштабнай вайны цягам 100 дзён з інаўгурацыі.

7 студзеня абраны прэзідэнт ЗША Трамп абвінаваціў адміністрацыю Байдэна ў некампетэнтнасці і адзначыў, што гэта сталася прычынаю пачатку вайны ва Украіне.

Раней Трамп казаў, што хоча спыніць вайну ва Украіне, нават зрабіў бы гэта «за 24 гадзіны». Таксама Трамп абяцаў «перадухіліць трэцюю сусветную вайну». Як менавіта, не раскрывае.

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10