Абраная прэзідэнтка Беларусі ўзяла ўдзел у цырымоніі ўшанавання памяці лідараў і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў. Імпрэза адбылася ў Вільні.
У цырымоніі ўзялі ўдзел прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, прэм'ер-міністр Гінтаўтас Палуцкас, старшыня Сейму Саўлюс Сквярняліс, абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская, амбасадары Польшчы і Украіны.
«Гэты дзень заўсёды адчуваецца значным і сакральным. Нягледзячы на цяжкі лёс тых, хто больш за 160 гадоў таму змагаўся за незалежнасць і свабоду, гэтая дата нясе ў сабе шмат надзеі і моцы. Мы ўсё яшчэ тут: памятаем і шануем спадчыну нашых герояў. Нашая барацьба за самастойную дзяржаву і права беларусаў самастойна вызначаць свой лёс – гэта працяг таго вялікага шляху, што пачалі яны», – адзначаецца ў адмысловай заяве Ціханоўскай.

Лідарка падкрэсліла, што «паўстанне супраць царскага прыгнёту сталася сімвалам супольнай барацьбы беларусаў, палякаў і літоўцаў». «Гэтае адзінства нагадвае: нават у цяжкі час мы знаходзім сілы для салідарнасці і агульнага супраціву», – зазначыла Ціханоўская.

,,«Мы праз стагоддзі застаёмся ўдзячнымі Кастусю Каліноўскаму і ўсім паўстанцам за смеласць і самаахвярнасць. І мы ведаем, што нашыя нашчадкі будуць гэтак жа ўдзячныя ўсім беларусам, якія працягваюць змагацца за агульную будучыню, свабоду і мір».
Прэзідэнт Літвы ў размове з журналістамі звярнуў увагу, што цяпер памяць пра ўдзельнікаў паўстання Каліноўскага ўшаноўваецца ва ўмовах «велізарнага ціску з Усходу»: «І ахвяры нашых герояў больш за 150 гадоў таму сёння падаюцца вельмі істотнымі, служаць прыкладам мужнасці і гераізму». Наўседа канстатаваў, што і сёння нічога не змянілася: Польшча, Літва, Беларусь дасюль у супрацьстаянні з расейскім панаваннем.
,,«Важна, што тры народы – можна сказаць, нават чатыры народы, улучаючы Украіну, – польскі, літоўскі і беларускі плячо ў плячо змагаліся супраць расейскага панавання. І сёння, калі вы бачыце гэтыя сцягі, якія паказваюць, што тут прадстаўнікі розных народаў, вы запэўніваецеся, што нічога не змянілася: мы дасюль на іншым баку гісторыі, на правым баку гісторыі».
Удзельнікі цырымоніі ўсклалі вянкі ў капліцы-калумбарыуме на Старых Росах, дзе пахаваныя кіраўнікі і ўдзельнікі паўстання 1863–1864 гадоў, у тым ліку Каліноўскі.
Сцяпан Кубік belsat.eu