Уначы і ў першай палове 19 студзеня мінімум 12 расейскіх дронаў-камікадзэ тыпу «Shahed» заляталі ў Беларусь з Украіны, паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».
«Дроны рухаліся курсам на Камарын, Лоеў, Бывалькі, Асарэвічы, Чырвоную Буду і праходзілі праз "беларускі калідор"», – адзначае «Беларускі Гаюн».
Першы «шагэд» заляцеў у Беларусь а 00:50, а апошні – а 13:03.
Авіяцыя ноччу не падымалася, аднак так адбываецца не заўсёды. Увосень 2024 года беларускія войскі нават знішчылі два «шагэды» ў ваколіцах Гомля, а ў выніку падзення абломкаў адбыўся пажар на гарадскім складзе.
Працяглы час беларускія чыноўнікі быццам не заўважалі праблему. Затым Міністэрства абароны ўва ўсім абвінаваціла Украіну.
Аляксандр Лукашэнка 17 верасня адзначыў, што прылятаюць і ўкраінскія, і расейскія беспілотнікі. Ён выклаў сваю версію падзеяў:
«Чаму гэта адбываецца? Бо і тыя, і іншыя дрэнна кіруюць гэтымі беспілотнікамі. Па-першае, новыя для іх. А па-другое, працуюць сістэмы радыёэлектроннай барацьбы, якія збіваюць. І адзін з іх знайшлі аж пад Бабруйскам».
Арсен Рудэнка belsat.eu