Прэм'ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу заявіў, што спыненне агню не пачнецца, пакуль «Хамас» не апублікуе спіс закладнікаў, якія мусяць быць вызваленыя, піша «Reuters».
Ізраіль і «Хамас» дамовіліся аб спыненні агню з 8:30 раніцы паводле мясцовага часу (9:30 па Менску) 19 студзеня. Бэньямін Нэтаньягу за гадзіну да таго, як агонь мусіў спыніцца, зрабіў сваю заяву пра закладнікаў і адмову спынення агню. Чакалася, што закладнікі будуць вызваленыя на працягу некалькіх гадзінаў пасля пачатку спынення агню, але Ізраіль не атрымаў спіс імёнаў.
,,«Прэм'ер-міністр праінструктаваў Цагаль (Войска абароны Ізраілю), што спыненне агню, што мусіла набыць моц а 8:30 раніцы, не пачнецца да таго часу, пакуль Ізраіль не атрымае спіс выкрадзеных, што "Хамас" абавязаўся даць», – заявіла канцылярыя Бэньяміна Нэтаньягу 19 студзеня.
«Хамас» пацвердзіў, што гатовы да спынення агню ў Газе. Затрымку з апублікаваннем імёнаў закладнікаў там патлумачылі «тэхнічнымі прычынамі».
Ізраільскія войскі пачалі адводзіць свае сілы ў Газе да Філадэльфійскага калідора на мяжы паміж Егіптам і Газай, паведамілі прахамасаўскія медыі.
Ізраільскія вайскоўцы папярэдзілі жыхароў Газы не набліжацца да войскаў і не перасоўвацца па палестынскай тэрыторыі, пакуль не будзе спынены агонь.
Вайна паміж Ізраілем і «Хамасам» доўжыцца ўжо 15 месяцаў.
Арсен Рудэнка belsat.eu